Ігар Аліневіч зноў трапіў у штрафны ізалятар
Палітзняволены Ігар Аліневіч трэці раз запар кінуты ў штрафны ізалятар калоніі „Віцьба-3”. Першыя 10 сутак ён атрымаў у верасні напярэдадні свайго дня нараджэння. Потым яшчэ 2 разы тэрмін працягваўся. Па словах маці палітзняволенага Валянціны Аліневіч, як паказвае досвед яе сына і іншых палітзняволеных, прычыны для такіх рэпрэсіяў заўсёды надуманыя, а рэальная толькі адна – замова зверху.
– Так званая праваахоўная сістэма тупа і бязлітасна выкарыстоўвае магчымасці для таго, каб чарговы раз чалавека пасадзіць у штрафны ізалятар і пагоршыць умовы яго знаходжання ў турме. Для прыкладу скажу, што ўсе нашыя палітычныя вязні без выключэння з’яўляюцца “злоснымі парушальнікамі парадка”.
Па словах Валянціны Аліневіч, умовы ўтрымання ў ШЫЗА жорсткія. Змешчаныя туды зняволеныя шмат у чым абмежаваны. Напрыклад, ім не дазваляюць карыстацца цёплымі рэчамі, коўдрай, што ўвосень, без уключанага ацяплення, фактычна з’ўлецца катаваннем. „На маю думку, тое, як абыходзяцца ўлады з маім сынам і іншымі палітзняволенымі, – гэта злачынства” – сказала Валянціна Аліневіч.
Родныя Ігара Аліневіча абмяркуюць з адвакатам крокі, якія б маглі спыніць парушэнне правоў свайго сына, у тым ліку зварот у пракуратуру.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя