На беларуска-польскім памежжы адбыўся штогадовы прабег «Сяброўства»
На беларуска-польскім памежжы адбыўся чарговы штогадовы прабег «Сяброўства». Аматары гэтага віду спорту стартавалі з польскага Цярэспаля і фінішавалі ў беларускім Берасці.
Каментуе прадстаўнічка арганізатараў, дырэктар Гарадскога асяродка культуры ў Цярэспалі Анна Пятрусік:
— Мы, перш за ўсё, вельмі рады, што ў забегу прымаюць удзел канкурсанты з Украіны, з Расеі, былі таксама удзельнікі з Нямеччыны і мы спадзяёмся, што яны з’явіліся. Тут сама назва прабег «Сяброўства». Для нас вельмі важна падкрэсліць, што спорт яднае народы, яднае людзей. Я думаю, што нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя асабліва з пераходам мяжы, з вялізным высілкам, які укладаюць арганізатары з абодвух бакоў,каб гэты прабег адбыўся — усё ж варта, каб мы знаёміліся, штораз больш ведалі адно пра аднаго. Дзеля гэтага уся наша праца і намаганні. Міжчалавечыя кантакты, нягледзячы на ўсе розніцы паміж намі, — найважнейшыя.
Усяго ў забегу прынялі ўдзел амаль паўсотні чалавек. Гэтым разам перакрочыць мяжу ўдалося без праблем і бегуноў не прыйшлося рассаджваць па аўтобусах.
Узнагароджванне пераможцаў адбылося на мясцовым Абласным спартыўным комплексе «Берасцейскі».
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара