Дзятлаўскаму разьбяру па дрэве – 115 гадоў
Дзятлаўскаму разьбяру па дрэве, мастаку і грамадска-культурнаму дзеячу Уладзіміру Мацюку (1902-1989) 12 чэрвеня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння.
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адведзены невялікі куток, прысвечаны яго творчасці. Працы Уладзіміра Мацюка таксама знаходзяцца ў музеях іншых краін.
Уладзімір Мацюк нарадзіўся ў Беластоку. У сярэдзіне 1940-х гадоў не па сваёй волі з сям’ёй прыйшлося пакінуць родныя мясціны і пераехаць у Дзятлава, дзе і пражыў ён усё сваё астатняе жыццё. З дзяцінства самадзейны мастак захапіўся разьбой па дрэве, бо ўжо ў 1930-1940-х гадах удзельнічаў у мастацкіх выставах. У Беларусі яго творы экспанаваліся на розных абласных і рэспубліканскіх выставах, а таксама выставах былога Савецкага Саюза. Многія з іх былі адзначаны прэміямі і дыпломамі.
Асноўная тэматыка твораў Уладзіміра Мацюка (рэльеф, круглая скульптура) – гэта гісторыя беларускага народа, яго сялянская праца, да якой мастак быў бліжэй і добра ведаў. Сама скульптурная прапрацоўка формы ў работах Уладзіміра Мацюка вылучаецца мноствам дробных парэзаў, якія дапамагалі мастаку выявіць пластыку фігур.
Сярод твораў гэтага таленавітага чалавека, якія захаваліся ў розных музеях, вядомы такія, як напрыклад – “Араты” (1940 г.), “З данясеннем” (1945 г.), “Дудар”, “Тры пакаленні ў барацьбе за Радзіму” (абодва ў 1954 г.), “Скончаны працоўны дзень”, “Начлег”, “Жанчына з граблямі”, “Жывёлавод”, “Стары на прызбе” (усе 1950-я гады) і многія іншыя.
З землякамі. Уладзімір Мацюк другі злева
Закаханыя. Дрэва, разьба. Канец 1970-х гадоў
Калгасніца Маша. Дрэва, разьба. канец 1970-х гадоў
Коні. Кардон, гуаш, канец 1920-х гадоў
Лыжнік. Дрэва, разьба. 1978 г.
У Дзятлаве, канец 1940-х гадоў. Уладзімір Мацюк крайні справа ў першым радзе
Уладзімір Мацюк з дачкой
Уладзімір Мацюк працуе
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота з архіва аўтара