Новы экатур распрацаваны ў Белавежскай пушчы
У нацыянальным парку „Белавежская пушча” распрацаваны новы экалагічны тур „Фота-сафары”, паведаміла начальнік турыстычнага аддзела нацпарку Аксана Багалейша.
Маршрут праходзіць уздоўж паўднёвай мяжы пушчы, дзе ўчасткі лесу чаргуюцца з адкрытымі месцамі – палянамі, балотамі, участкамі поймы. Там размяшчаюцца традыцыйныя пляцоўкі для навуковых даследаванняў і гадоўлі капытных. У час фотасафары ў турыстаў з’явіцца рэдкая магчымасць убачыць дзікіх жывёл у прыродным асяроддзі пражывання. Яны змогуць не толькі сфатаграфаваць статкі высакароднага аленя, казулі або лані еўрапейскай, але і зрабіць сэлфі на іх фоне.
Не менш арыгінальным у гэтым туры з’яўляецца і сродак перамяшчэння турыстаў. Дабрацца да мэты падарожжа яны змогуць на 16-меснай брычцы, у якую ўпрэжаны міні-трактар „Беларус”. Пад капотам універсальнай мадэлі – рухавік 26 конскіх сіл, адметнымі асаблівасцямі якога з’яўляюцца нізкі ўзровень колькасці шкодных рэчываў у выхлапных газах (адпаведнасць стандартам Euro-3A) і высокая прадукцыйнасць.
Тур разлічаны на 2-2,5 гадзіны і праходзіць у суправаджэнні гіда-экскурсавода. Ідэя новага экалагічнага маршруту нарадзілася з пажаданняў саміх турыстаў. „У Белавежскую пушчу людзі прыязджаюць перш за ўсё паглядзець на прыроду. Наведвання вальераў і музея многім аказваецца недастатковым. Таму пасля агляднай экскурсіі мы прапануем ім перасесці з аўтобуса ў брычку і адправіцца на фотасафары. Распрацаваны маршрут дае магчымасць амаль са стапрацэнтнай упэўненасцю гарантаваць сустрэчу з дзікімі жывёламі на волі. Думаем, што тур будзе запатрабаваны турыстамі”, – адзначыла Аксана Багалейша.
Паслугу плануецца ўкараніць ужо ў бліжэйшыя дні. Першы час фотапаляванне будуць арганізоўваць па папярэдніх заяўках. У далейшым прадугледжваецца ўстанавіць дакладны графік правядзення туру.
З нагоды адкрыцця новага маршруту нацыянальны парк разыгрывае два білеты на тур сярод падпісчыкаў афіцыйнай групы клуба Белавежскай пушчы УКантакце. Розыгрыш адбудзецца 26 чэрвеня ў турыстычным аддзеле нацыянальнага парку.
Цяпер для азнаямлення з выдатнымі мясцінамі Белавежскай пушчы распрацавана сетка аўтамабільных, веласіпедных і пешаходных турыстычных маршрутаў і экалагічных троп. Гэта „Азёрнае кольца”, „Звярыны пераход”, „Лясныя тайны”, „Паўночная сцежка”, „Вялікае падарожжа”, „Царская паляна”, „Язвінская дуброва”, „Пушчанскія рабінзоны”, „Войтаў мост”, „Памяць”, „Запаведная дуброва”, „Па слядах Напалеона” – усяго не менш як паўтара дзясятка маршрутаў.
На экскурсіях у нацыянальным парку „Белавежская пушча” з пачатку года пабывалі звыш 124 тыс. чалавек.