Валянціна Чубарава: Пратэсты ў Расеі – надоўга



220 гарадоў, тысячы пратэстоўцаў і сотні затрыманых. Такая інфармацыя прыходзіць з Расеі, дзе сёння адбываюцца пратэсты, арганізаваныя апазіцыяй. Падобныя пратэсты ў Расеі прайшлі 26 сакавіка, аднак сёння ўлада дзейнічае больш рашуча, як кажа Валянціна Чубарава з асацыяцыі «За свабодную Расею».

Валянціна Чубарава: Улада не вельмі разумела, чаго ёй чакаць ад 26 сакавіка, таму ў большасці гарадоў акцыі былі дазволеныя, затрыманняў не было. 26 сакавіка ўлады пабачылі для сябе пагрозу, таму тут яны адназначна больш жорстка супрацьдзейнічаюць. Калі тады ў палове гарадоў не было, як мне здаецца, затрыманняў, нават быў нейкі жыццярадасны, вясёлы настрой, нягледзячы на затрыманні, то сёння бачым больш жорсткую фазу: абодва бакі разумеюць, што ўсё стала сур’ёзней. Таму нават у невялікіх гарадах ёсць затрыманні, і яны праходзяць жорстка. Калі мінулым разам людзі разумелі, што нас усё дастала, але ўсё роўна быў лозунг супраць карупцыі, то тут ужо мае месца агульнаграмадскі пратэст, дзе карупцыя – гэта адна з тэмаў.

Як бачна, людзей прыйшло шмат. На праспекце Сахарава многа пратэстоўцаў, якія, я думаю, пасля пойдуць на Твярскую. І гэтыя людзі прыйшлі сюды не проста пагуляць. Гэта, канешне, крыху іншая публіка, але яны таксама з плакатамі, мегафонамі.

У адрозненне ад Масквы, у Пецярбургу таксама праходзіць вялікая акцыя, аднак яна ў адным месцы, таму лягчэй ацаніць колькасць людзей. Ужо вядома пра 150 затрыманых у Пецярбургу. І тут бачна ужо, што пратэст не тычыцца карупцыі, яна была толькі спускавым кручком для запуску агульнаграмадскага пратэсту.

РР: На маю думку, гэта падобна да беларускіх пратэстаў вясной, калі такім спускавым кручком быў Дэкрэт №3, а пазней палітычная частка таксама дадалася. А скончылася ўсё гэта 25 сакавіка, калі ў цэнтры Менска тысячу чалавек затрымалі. Ці бачыце вы тут пераемнасць?

Валянціна Чубарава: Я не думаю. Гэта даволі ўніверсальны сцэнар для Беларусі і Расеі. Так, тут ёсць лакальныя адрозненні, іншая тэма, магчыма, нейкія нюансы змяняюцца, але зразумела, што гэта схема, паводле якой праходзяць пратэсты ўсюды. Незадаволенасць людзей нарастае.

Ёсць людзі, які ад пачатку разумеюць, што праблема сістэмная, што трэба змяняць ўладу, неабходна дэмакратыя. Аднак такіх людзей, зразумела, мала. Але пазней паступова назапашваюцца канкрэтныя тэмы, людзі пачынаюць разумець, што канкрэтныя праблемы, супраць якіх яны пратэстуюць, ужо не вырашальныя на такім узроўні, як «а давайце адменім гэты закон», «давайце тут павялічым, а тут спынім». Гэта сістэмныя праблемы. Людзі пачалі менш баяцца палітызацыі сваіх патрабаванняў, сталі разумець, што ўсе іх праблемы – частка адной вялікай.

РР: Цягам апошніх месяцаў у Расеі вядзецца дыскусія наконт удзелу моладзі – дзяцей, якія нарадзіліся ў канцы 90-х і дзяцінства якіх, у прынцыпе, прайшло ў больш-менш стабільных 2000-х, якія называюць тлустымі гадамі. Паводле вас, чаму менавіта гэтая моладзь актыўна ўключылася ў гэтыя пратэсты?

Валянціна Чубарава: Наспявае нейкая крытычная маса. І мне цяжка сказаць, чаму менавіта яны.

Цяпер у людзей, напэўна, першапачаткова ёсць нейкае ўяўленне пра тое, як усё мае быць, такая прыродная цяга да свабоды і справядлівасці, якую прапаганда стараецца заглушыць, але незаўсёды гэта атрымліваецца. Магчыма, гэта людзі без досведу паразы, у адрозненне ад старэйшага пакалення. Магу параўнаць з маім пакаленнем, якое памятае дрэнныя 90-ыя і тлустыя гады. А цяперашняя моладзь, калі расказваеш ёй, што раней – у савецкія часы, у тыя ж 90-ыя – было яшчэ горш, гэтага не адчувае. Гэтая моладзь разумее, што ЗАРАЗ дрэнна. Яна не мае іншага досведу. У іх галовах ёсць ідэальная карцінка таго, як ПАВІННА быць. І адначасова яны бачаць, як яно ЁСЦЬ насамрэч. Яны параўноўваюць тое, што хочуць, з тым, што ёсць цяпер. А тыя 90-ыя для іх – гісторыя. Вось і ўсё.

РР: Вядома, прагнозы – няўдзячная справа. Але ўсё ж ці можна спадзявацца, што гэтыя пратэсты перарастуць у нейкія арганізацыі і больш масавы рух?

Валянціна Чубарава: Мне падаецца, што гэта ўжо адбылося. Бачна, што для большасці тых людзей, якія выйшлі на вуліцу 26 сакавіка, гэта не была аднаразовая акцыя. Напэўна, выйшлі і новыя людзі. Ужо відавочна, што гэта нейкі новы рух, усё так хутка не скончыцца. Больш за тое, мне падаецца, што людзі настроены больш рашуча, чым як гэта было ў 2011- 2012.

У прынцыпе, ёсць дзве рэчы: незадаволенасць палітычнай сітуацыяй і гатоўнасць да больш жорсткага супрацьстаяння, гатоўнасць бараніць свае правы нават пад пагрозай затрымання. І нават калі колькасць незадаволеных сітуацыяй людзей не большая за колькасць, якая была 5 гадоў таму, то колькасць людзей, гатовых да рашучых дзеянняў адназначна ўзрасла. Яшчэ не так даўно такой колькасці не было. Думаю, гэта надоўга. Яно не азначае, што гэты пратэст будзе мець нейкі плён цягам бліжэйшых месяцаў і нават года, але гэта якасна новая з’ява для Расеі, на якую ўлада ўжо не можа заплюшчыць вочы. Улада мусіць прыдумаць нешта новае, бо гэта не групка маргіналаў – ім трэба па-іншаму гэта тлумачыць, па-іншаму з гэтым змагацца.

Лідары пратэстаў сёння прэвентыўна затрымліваліся яшчэ да пачатку акцый. Тверскі праспект Масквы, куды апазіцыянеры заклікалі прыйсці пратэстоўцаў, перакрыты барыкадамі з супрацьтанкавымі перашкодамі.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя