Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 40 тон сыру
Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 40 тон сыру, вырабленага ў Мсціславе.
Згодна з паведамленнем упраўлення Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях, на гэтым тыдні ў пункце прыняцця апавяшчэнняў „Красная Горка” быў затрыманы сыр, выпрацаваны, згодна з пададзенымі дакументамі, вытворчым унітарным прадпрыемствам „Мсціслаўмалако”. Прадукцыя накіроўвалася на адрас ТАА „Белруспрадукт” у Маскву.
„Нягледзячы на наяўныя афіцыйныя гарантыі, падчас ветэрынарнага кантролю расейскімі інспектарамі выяўлены відавочныя факты махлярства”, — сцвярджаюць у расейскім ведамстве, даводзячы, што пры аглядзе прадукцыі былі выяўленыя ўпакоўкі з лагатыпам і наяўнасцю нумарных галаграфічных марак, характэрных для прадукцыі, якая вырабляецца ААТ „Бабулін гладыш”. Акрамя таго, на некаторых маркіровачных этыкетках не пазначаныя дата выпрацоўкі прадукту, тэрмін яго прыдатнасці, нумар партыі, склад прадукту.
Гэтыя акалічнасці сведчаць пра працяг махлярскіх схем пры пастаўках малочнай прадукцыі з Беларусі, сцвярджаюць ва ўпраўленні Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях.
Кіраўнік „Мсціслаўмалака” Уладзімір Пятроў адмовіўся каментаваць абвінавачанні расейскага ведамства. „Каментароў не даю. Мы ўваходзім у склад холдынгу „Бабулін гладыш”, усе пытанні да холдынга”, — заявіў ён БелаПАН.
У кампаніі-кіраўніку ААТ „Бабулін гладыш” БелаПАН адзначылі, што „Мсціслаўмалако”, нягледзячы на тое, што ўваходзіць у холдынг і карыстаецца яго гандлёвай маркай, з’яўляецца асобнай юрыдычнай асобай і самастойнае ў сваіх дзеяннях. У кампаніі-кіраўніку заявілі, што ідзе разбор інцыдэнту з вяртаннем сыроў. Разам з тым там не выключылі, што ў расейскім ведамстве проста не разабраліся з інфармацыяй на этыкетках.