Роварныя шляхі Гародні
Гародня пакуль не лепшае места для раварыстаў.
Роварнай рэвалюцыі ў Гародні, якая прэтэндуе на турыстычную прываблівасць, камунальныя службы па-ранейшаму не заўважаюць. І пакуль у іх гэта паспяхова атрымліваецца. Загнаныя правіламі дарожнага руху на ходнікі, раварысты сталі самай вялікай групай рызыкі.
Роварныя сцежкі патрабуюць якаснага пакрыцця. Але тое, што сёння ёсць – далёка нават ад задавальняючага стану.
Адмыслоўцы роварнага руху мяркуюць, што яшчэ многія гады ў Гародні не будзе нармальнай інфраструктуры, а таму найбольш прыдатным тыпам ровара тут застаюцца „пазадарожнікі”. Бо інакш значна павялічваецца рызыка паломак.
Паглядзіце, як спрацоўвае на роварных шляхах безбар’ернае асяроддзе з такім размяшчэннем слупоў і бартавых камянёў. Вось на праспекце Янкі Купалы.
Але бываюць і такія перашкоды.
фота на вуліцы Перамогі
фоты на вуліцы Вясновай
І разам з тым, на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў нядаўна паменшылі на адзін галаўны боль раварыстаў – панізілі дужа вялікі бардзюр. Віват камунальнікам! Тое самае можна сказаць і пра ініцыятыву рабочых на вуліцы Вясновай.
Вадасцёкі таксама вельмі часта не дазваляюць спакойна праехаць па ходніках, бо павінны быць закрыты роўнымі сеткавымі люкамі.
На сайце гарвыканкама пазначана нібыта больш двух дзясяткаў роварных сцежак. А рэальна – іх толькі дзве! Пра гэта пісалі на сайце гарадзенкага таварыства „Велагродна” .
Сапраўды – такія ёсць. І вось як яны выглядаюць.
Некаторыя ходнікі падзялілі палосамі, ставарыўшы такім чынам сцежкі для руху раварыстаў. Але прайшоў год. І палосы зніклі.
Знакаў на адзінай роварнай сцежцы, якая паўстала ў лесапарку Пышкі, не дастаткова, напэўна інспектарам проста няма справы да парушэнняў правілаў пешаходамі. Прынамсі, не чутна, каб каго-кольвечы аштрафавалі за шпацыр па роварнай сцежцы, у той час як паралельна пралягае пешаходная зона.
Вось як пачынаецца адна з такіх сцежак: знак, што ёсць дарожка для раварыстаў, існуе. Пасля ідзе звужэнне пешаходнай паласы з выхадам на цалкам роварную сцежку.
Звярніце ўвагу, калі пайшла ўласна роварная сцежка ў лес, то зніклі якія-кольвек папераджальныя знакі, што гэта зона належыць раварыстам, апрача нанесеных на асфальт.
Таму людзі, ходзяць на сваю рызыку, а яшчэ больш рызыку здароўя раварыстаў.
Яшчэ адна сцежка ў тым жа „роварным” лесапарку. Звярніце ўвагу, што для раварыстаў толькі разметка на асфальце, у той час, як пешаход можа не сумнявацца і шпацыраваць, бо ж знак толькі для пешаходаў.
Спробы звярнуцца ў ДАІ, каб дарожная інспекцыя ўсталявала больш папяраджальных знакаў у Пышках, не мелі паразумення. Там уважаюць, што ўсё слушна.
працяг будзе….
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара