Юрась Губарэвіч: Нагоды для адмены санкцый амерыканцы проста не пабачылі
“Амерыканскі бок праявіў пэўную паслядоўнасць, працягнуўшы санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў”. Так мяркуе старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Гэтыя санкыі ўводзіліся ў 2006 годзе з нагоды пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, наяўнасцю палітычных вязняў і рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў Аляксандраў Лукашэнкі, а таксама ў сувязі з адсутнасцю зменаў у працэдуры правядзення выбараў.
«У гэтым сэнсе мала што змянілася ў нашай краіне», – кажа Юрась Губарэвіч.
– Тыя паляпшэнні, якія можна было назіраць год ці два таму, яны былі змарнаваныя, тым што, увесну бягучага году аднавіліся рэпрэсіі, з’явіліся зноў новыя палітвязні. Нягледзячы на ўсе дэкларацыі, беларускі бок так і не плануе нічога мяняць у выбарчым заканадаўстве. Таму тут можна казаць, што нагоды для адмены санкцый амерыканцы проста не пабачылі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі выказалі шкадаванне, што ў палітыцы новай адміністрацыі ЗША “захоўваюцца састарэлыя і цалкам неаб’ектыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да Беларусі”. Так у прэс-службе МЗС пракаментавалі чарговае падаўжэнне санкцый, уведзеных у дачыненні да ўладаў Беларусі прэзідэнтам Джорджам Бушам-малодшым у 2006 годзе ў сувязі з парушэннем правоў чалавека і правядзеннем «выбараў», якія міжнародная супольнасць прызнала недэмакратычнымі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя