Ва Украіне забаронена георгіеўская стужка
За георгіеўскую стужку з сённяшняга дня будуць штрафаваць і нават арыштоўваць. Нашэнне і выраб георгіеўскай стужачкі ўнесены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адпаведны законапраект месяц таму прыняла Вярхоўная Рада Украіны.
У тлумачальнай запісцы да дакумента адзначалася, што георгіеўская стужачка ва Украіне стала «сімвалам расейскай акупацыі і агрэсіі». І яе нашэнне з мэтай прапаганды нясе грамадскую небяспеку, з’яўляецца правакацыяй, а таму павінна быць аднесена да правапарушэнняў. Прэзідэнт Пётр Парашэнка закон падпісаў. І цяпер за дэманстрацыю, выкарыстанне або нашэнне стужкі будуць штрафаваць да 2,5 тысяч грыўняў. Пры паўторным парушэнні на працягу года штраф вырасце ў два разы.
І ў дадатак за гэта пагражае арышт да 15-ці сутак, як адзначае тэлеканал 112 Украіны. Ён удакладняе, што пакарання не будзе за выкарыстанне георгіеўскай стужачкі ці яе малюнку на дзяржаўных дакументах, выдадзеных да 1991 года, у экспазіцыях музеяў і творах мастацтва. Тое ж тычыцца шэрагу ўзнагарод ці медалёў. Прадстаўнік расейскага МЗС Марыя Захарава назвала рашэнне Кіева «антыдэмакратычным і антыгістарычным».
Беларускае Радыё Рацыя