Кастуся Жукоўскага аштрафавалі за здымкі памежнага пераходу



Незалежнага журналіста з Гомеля аштрафавалі за фота памежнага пераходу „Новая Гута” на беларуска-ўкраінскай мяжы. Кастусь Жукоўскі цяпер вінен казне 50 базавых велічыняў за тое, што сфатаграфаваў паглыблены догляд сваёй машыны, у якой разам з ім ехалі бацькі Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага.

Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі спецыяльна прыйшоў на разгляд адміністрацыйнай справы, каб падтрымаць Кастуся Жукоўскага.

Гаворыць Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі:

– Кастусю прысудзілі 50 базавых велічыць. Ці гэта справядліва, так штрафаваць. У інтэрнэце столькі падобных здымкаў мытні. Мы прасілі, каб суд апраўдаў Кастуся. Але ніхто не прыслухаўся да нашай думкі.

28 красавіка гэтага года Кастусь Жукоўскі на сваёй машыне падвозіў бацькоў Героя Украіны Міхася Жызнеўскага з Кіева. На беларускім участку мяжы аўтамабіль быў адпраўлены на паглыбленую праверку ў спецыяльны бокс. Кастусь Жукоўскі зняў гэтую сітуацыю на мабільны тэлефон і выклаў у Інтэрнэце, што стала прычынай складання пратаколу за незаконнае фатаграфаванне.

Беларуская Радыё Рацыя