Беларусь абраная чальцом Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН



15 чэрвеня на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Беларусь была абраная чальцом Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС), паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

„Ганаровае абранне Беларусі ў ЭКАСАС сведчыць пра высокі ўзровень даверу дзяржаў-чальцоў ААН да краіны, яе аўтарытэт на міжнароднай арэне, а таксама надзеі, якія ўскладаюцца на Беларусь як на новага чальца ЭКАСАС”, — адзначаецца ў паведамленні.

ЭКАСАС з’яўляецца адным з ключавых органаў ААН, займаючыся пасоўваннем трох аспектаў устойлівага развіцця — эканамічнага, сацыяльнага і экалагічнага. Савет, у прыватнасці, адказвае за садзейнічанне падвышэнню ўзроўню жыцця, выяўленне спосабаў вырашэння міжнародных праблем у эканамічнай і сацыяльнай сферах, міжнародную супрацу ў галіне культуры і адукацыі, заахвочванне ўсеагульнага павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў. На ЭКАСАС таксама ўскладзена задача каардынацыі дзейнасці па выніках канферэнцый і сустрэч ААН на вышэйшым узроўні.

У склад савета ўваходзяць 54 дзяржавы, якія абіраюцца Генеральнай асамблеяй на тры гады па геаграфічным прынцыпе. Рэгіён Усходняй Еўропы прадстаўляюць шэсць краін.

Тэрмін, падчас якога Беларусь будзе знаходзіцца ў ЭКАСАС (2018—2020 гады), стане для рэспублікі ўжо дзявятым. Упершыню Беларусь была абраная ў склад савета ў 1947 годзе. Напярэдадні сёлетніх выбараў кандыдатура Беларусі ў ЭКАСАС была аднагалосна ўхваленая краінамі Усходнееўрапейскай рэгіянальнай групы, паведамляе прэс-служба МЗС.

Паводле БелаПАН