Ці зменяць выбарчае заканадаўства да мясцовых выбараў?
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае пра тое, чаму апазіцыі неабходна абавязкова ўдзельнічаць у білжэйшай выбарчай кампаніі.
Як ужо паведамлялася, мяркуецца, што выбары ў мясцовыя Саветы пройдуць у Беларусі 18 лютага 2018 года.
Сяргей Калякін: Выбары ў мясцовыя Саветы заўсёды былі цікавыя для палітычнай апазіцыі, бо дзейнасць партый і рухаў без удзелу ў такіх кампаніях – гэта проста абсурд. Любыя выбары – гэта дадатковыя магчымасці. Асабліва ў беларускіх рэаліях. Падчас кампаніі з’яўляюцца шанцы добра папрацаваць з людзьмі ў рэгіёнах, а там, як вядома, праблем заўсёды больш. Трэба ж ведаць, што хвалюе народ не толькі ў сталіцы, але і ў глыбінцы. Таму наша партыя заўсёды прымала ўдзел у мясцовых выбарах, і зараз мы ад гэтага не адмаўляемся.
РР: Ці зменяць выбарчае заканадаўства да мясцовых выбараў?
Сяргей Калякін: Наконт зменаў – гэта ўжо інтрыга. Але ў любым выпадку прымаць удзел неабходна. Якія б там умовы не былі.
РР: У Палату прадстаўнікоў не так даўно патрапілі два дэмакратычныя прадстаўнікі. Можа быць, варта чакаць нейкі прарыў у гэтым накірунку і падчас мясцовых выбараў?
Сяргей Калякін: У нас і раней былі свае дэпутаты ў мясцовых Саветах, таму зараз нічога суперардынарнага не будзе. Не веру ў нейкі прарыў, хаця некаторыя дэмакратычныя кандыдаты, мяркую, усё-такі стануць дэпутатамі. Але ізноў-такі – усё будзе яшчэ залежыць і ад таго, якія змены адбудуцца ў выбарчым заканадаўстве.
РР: А што могуць рэальна змяніць?
Сяргей Калякін: Могуць змяніць шмат чаго, а могуць усё пакінуць і без зменаў. Гэта пытанне палітычнай волі. Улады, відаць, будуць прымаць рашэнне, зыходзячы з нейкіх сваіх інтарэсаў і той сітуацыя, якая будзе складвацца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя