ІП дамагліся магчымасці выплаты ўзносаў у ФСАН у добраахвотным парадку
Прапанова РГА „Перспектыва” аб выплаце індывідуальнымі прадпрымальнікамі ўзносаў у ФСАН на добраахвотнай аснове, а не ў абавязковым парадку, успрынятая ўладамі і рыхтуецца адпаведны праект указа прэзідэнта. Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік аб’яднання Анатоль Шумчанка.
Паводле яго слоў, 16 чэрвеня ён атрымаў адказ на прапановы РГА „Перспектыва” на 16 лістах за подпісам намесніка міністра эканомікі Паўла Уцюпіна.
„Вядома, нам прыемна, што адна з нашых важных прапаноў па ўвядзенні для ІП добраахвотнага прынцыпу выплаты узносаў у ФСАН знайшла падтрымку ва ўладаў. Гэта прыклад для ўсіх, што вада камень точыць і наша шматгадовае змаганне атрымала поспех”, — адзначыў Шумчанка.
Паводле яго слоў, калі праект указа будзе падпісаны прэзідэнтам, то гэта аблегчыць жыццё многім індывідуальным прадпрымальнікам і „стане вялікім крокам наперад у разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы”.
Зараз, растлумачыў Шумчанка, нават калі ІП не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, знаходзіцца за мяжой і гэтак далей, абавязаны выплаціць у ФСАН узнос — мінімум 35% ад мінімальнай зарплаты за кожны месяц (на сёння гэта каля 1 тысячы рублёў на год). У прадпрымальнікаў, якія не выканалі гэтыя патрабаванні, напрыклад, па няведанні заканадаўства, праз суд спаганяюцца гэтыя сродкі плюс судовыя выдаткі, штрафы і пені, а гэта значныя сумы, растлумачыў кіраўнік „Перспектывы”.
Разам з тым, сказаў ён, прапанова аб увядзенні патэнта для ІП, што прадугледжвае выплату фіксаванага падатку, адхіленая.
„Што тычыцца прапаноў па тэхрэгламенце, то ў лісце распісана, як усё добра ў нас наладжана. Але мы не атрымалі адказу на наша пытанне, чаму прадаўцы тавараў павінны праводзіць усе гэтыя выпрабаванні. Хоць на сёння праблем вострых няма, Дзяржстандарт праверкі не праводзіць, але над ІП працягвае вісець дамоклаў меч”, — адзначыў актывіст.
На прапанову ўвесці мараторый на праверкі Мінэканомікі адказала, што праектам указа аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ўводзіцца мараторый на ўсе віды праверак да 1 студзеня 2018 года. „Ну, тут хоць на паўгода, але ІП пакінуць у спакоі. Мы і зараз адзначаем рэзкае зніжэнне праверак, і тое, што гэта будзе замацавана заканадаўча, нас не можа не радаваць, гэта маленькі крок наперад. Але мараторый — гэта ўмоўнасць, і ўсё можа вярнуцца зноў”, — лічыць Шумчанка.
„Мы таксама прапаноўвалі ўрэгуляваць пытанні арэнды, а нам у лісце зноў распісалі нормы дзейнага заканадаўства. Мы прапануем ствараць зоны інтэнсіўнага прамысловага развіцця. Прадпрымальнікаў многія папракаюць, што яны ў асноўным займаюцца гандлем і не вырабляюць прадукцыю, мы ў адказ прапануем стварыць зоны інтэнсіўнага прамысловага развіцця у кожным раёне. Нам жа ў лісце распісваюць дзейнасць СЭЗ, індустрыяльнага парку „Вялікі камень”, але ўсе яны — абласнога або рэспубліканскага значэння і на развіццё раёнаў моцна не паўплываюць”, — зазначыў Шумчанка.
З нагоды фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва ў адказе напісана, што яна да 2020 года складзе да 1% ад кансалідаванага бюджэту. „Гэта значная сума, і калі так будзе, гэта вялікі крок для Беларусі, але ў развітых краінах такая падтрымка складае 5-7%”, — падкрэсліў Анатоль Шумчанка.
На яго думку, улады пакуль не гатовыя цалкам прыняць усе прапановы РГА „Перспектыва”. „Мы прапануем прагрэсіўныя меры па стварэнні ўмоў працы прадпрымальнікаў, заснаваныя на практыцы ЗША, Еўропы, Кітая. І нашы прапановы, як мы бачым, рана ці позна пачынаюць увасабляцца. Але дзяржава сёння не можа адразу павярнуць машыну ў іншы бок. „Перспектыва”, прадпрымальнікі працягнуць вылучаць свае прапановы і далей. Яны носяць стратэгічны характар і накіраваныя на будучыню. Хто ведае, можа, ва ўладзе з’явяцца чыноўнікі, якія падзеляць нашы погляды і возьмуць іх на ўзбраенне”, — падсумаваў Шумчанка.
Паводле БелаПАН