Валянцін Голубеў: Еўразійскі эканамічны саюз – не выгадны для Беларусі
Новае інтэграцыйнае ўтварэнне – Еўразійскі эканамічны саюз – не выгадны для Беларусі. У гэтым упэўнены многія дэмакратычныя палітыкі і незалежныя эканамісты. Стварэнне саюзу найперш у інтарэсах Расеі, якая не губляе надзеі захаваць поўны кантроль над постсавецкімі краінамі.
У новы саюз уваходзяць Беларусь, Расея, Казахстан, далучаецца Арменія, і плануе Кыргызстан. Як лічыць беларускі палітык і гісторык Валянцін Голубеў, у гэтым пытанні неабходна было параіцца з беларускім грамадствам:
– Калі бы мы абмяркоўвалі Еўразійскі эканамічны саюз адкрыта ва ўстановах і на прадпрыемствах, у прэсе. У нас ёсць магчымасць зрабіць сацыялагічнае апытанне, у нас нацыя не такая вялікая, і можна было спытацца: хочам мы гэтага ці не? Калі хаця бы 40 працэнтаў насельніцтва адказала: так мы падтрымліваем такі саюз, гэта было бы нармальна. Але зараз вельмі шмат людзей ставіцца з песімізмам пасля таго, як мы ўступілі.
Таксама на негатыўнае стаўленне да рознага кшталту саюзаў з Расеяй уплывае і тое, як Расея паводзіць сябе ў дачыненні да іншых сябраў тых ці іншых інтэграцыйных аб’яднанняў.
Яскравы гэтаму прыклад – сітуацыя ва Украіне. Прыгадаем, што дзеянне дамовы пра Еўразійскі эканамічны саюз пачынаецца з 1-га студзеня 2015 году. У той жа час днямі спыніў сваё існаванне іншы саюз – ЕўраАзЭс.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя