Шушкевіч: Гельмут Коль быў вялікім палітыкам і мудрым чалавекам
Гельмут Коль быў вялікім палітыкам і мудрым чалавекам, заявіў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1991—1994 гадах Станіслаў Шушкевіч, каментуючы паведамленне аб смерці 16 чэрвеня на 88-м годзе жыцця былога канцлера Германіі (1982—1998).
„Коль здолеў знайсці падыход да Гарбачова і аб’яднаць Германію разважліва і выгадна для ўсіх”, — сказаў Шушкевіч.
„Вельмі шкада, што ён памёр. Я слаба ведаў яго асабіста, але рады, што ўдалося з ім пазнаёміцца”, — адзначыў палітык. Паводле слоў Шушкевіча, гэта адбылося ў 1992 годзе ў Хельсінкі (Фінляндыя), калі ён ад імя ўжо незалежнай Беларусі падпісваў Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскі заключны акт) 1975 года.
„Згодна з пратаколам наша сустрэча павінна была доўжыцца пяць хвілін, але яна працягвалася хвілін дваццаць. Шчыра кажучы, не вельмі памятаю, пра што мы тады размаўлялі”, — сказаў Шушкевіч.
На памяць пра тую сустрэчу ў былога кіраўніка Беларусі ёсць пратакольны здымак ўсіх удзельнікаў падпісання дакумента, аднак сумесны з Колем яму дастаць так і не ўдалося. „Звяртаўся ў МЗС Германіі, але аказалася, што фатаграфавалі людзі не з гэтага ведамства”, — прызнаўся палітык.