Як падзенне коштаў на нафту адаб’ецца на беларускай эканоміцы?



Кувейт спрагназаваў падзенне коштаў на нафту да 76 даляраў за барэль з-за немагчымасці скараціць аб’ёмы здабычы краінамі АПЕК. Эканаміст Леў Марголін зазначае, што гэта, безумоўна, скажацца і на беларускім бюджэце.

Краіна не бачыць шанцаў на скаардынаванае спыненне здабычы нафты ў краінах АПЕК. З-за гэтага Кувейт прагназуе падзенне цэнаў на 14%.

«76-77 даляраў за барэль можа стаць тым узроўнем, на якім зніжэнне спыніцца», – заявіў міністр нафты Кувейта Алі-аль-Амаір.

Леў Марголін: Зніжэнне коштаў на нафту адбіваецца на ўсіх эканоміках, якія звязаны з яе перапрацоўкай і гэдак далей. Калі зніжаецца кошт на нафту, то, натуральна, таннеюць і нафтапрадукты. А значыцца паступленні ў беларускі бюджэт будуць змяншацца. Напэўна, паменшацца і мытныя пошліны, хоць гэта адбываецца крыху са спазненнем. Таму, думаю, нейкі ўрон краіна панясе ад зніжэнне коштаў на нафту. А, калі ўлічыць, што ў наступным годзе мыты будуць таксама заставацца ў нашым бюджэце, то гэты ўрон становіцца яшчэ больш відавочным.

РР: Магчыма, гэтыя страты Беларусь кампенсуе здабычай сланцавай нафты, якая ў верасні распачалася ў краіне?

Леў Марголін: Наўрад ці, бо значных радовішчаў няма. І, па-другое, пакуль што ідзе нейкая пробная здабыча. Не думаю, што гэта будзе зроблена ў прамысловых масштабах, бо вельмі складаны і дарагі тэхналагічны працэс. Наколькі вядома, акрамя ЗША і некалькіх краінаў Захаду такога абсталявання больш нідзе няма. Таму ў Беларусі ўсе спадзяванні на расейскую нафту. Свае запасы не могуць мець для краіны вырашальнага значэння.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя