Валянцін Голубеў: Апазіцыя дзеля апазіцыі – гэта не стваральна



Выразнага і харызматычнага лідара сярод прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху – не бачна. Так лічыць беларускі палітык і гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, Валянцін Голубеў. Якім павінен быць лідар, і чаго не хапае цяперашняй апазіцыі – пра гэта ён расказваў у інтэрв’ю для нашага радыё.

РР: Кажучы пра гісторыю нацыянальнага руху, мы заўсёды прыгадваем лідараў гэтага руху, сярод якіх Кастуся Каліноўскага ды іншых. А наколькі ў нашай сучаснасці роля лідара захавала такі самы статус і такую самую патрэбу?

Валянцін ГолубеўЛідар патрэбны ў любой справе. Але пытанне ў тым, адкуль бярэцца лідар. Вельмі цяжка сказаць. Лідар бывае з’яўляецца зусім нечакана, гэта можа быць чалавек, які і не валодае рысамі, якімі мы надзяляем лідара – што гэта чалавек пазнавальны, які добра і ўмела гаворыць. Лідарам у справе можа стаць чалавек спакойны, які і не часта гаворыць, не больш і не хутчэй за іншых нешта робіць, але людзі, якія разам з ім працуюць, тым не менш прызнаюць яго за лідара. Канешне, калі гаварыць пра лідара дзяржаўнага ці палітычнага, то гэта павінна быць асоба, як кажуць, харызматычная.

РР: У чым палягае гэтая харызма?

Валянцін Голубеў: Харызма палягае ў тым, што гэты чалавек найперш павінен падабацца значнай колькасці людзей. І тыя нашыя дзеячы, якія з’ехалі за мяжу павінны разумець, што гэта заўсёды так бывае, што стаць нацыянальным лідарам за мяжой, не жывучы ў краіне, практычна немагчыма. Людзі, якія не ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны, яны не існуюць.

РР: Але ці прыйшлі ім на змену іншыя ўнутры краіны?

Валянцін Голубеў: Тут вельмі разумна паводзіць сябе ўлада, не даючы ўзнікнуць нармальнаму канкурэнту. Я не буду называць прозвішчы, але мы можам паглядзець за апошнія 20 гадоў: як толькі сярод атачэння і прыхільнікаў кіраўніка дзяржавы вырастала якая-небудзь фігура пазнавальная і прыманая як грамадствам, так і за мяжой, найперш у Расеі, гэты чалавек здымаўся з пасады ці пераводзіўся на іншую пасаду, каб ён не быў публічным чалавекам. Тут працуе такая формула: чаго не было па тэлебачанні, таго не было. Калі гэтага чалавека не паказваюць і не хваляць па тэлебачанні – яго няма. І калі казаць пра тых людзей, якія працуюць як апазіцыя (я не буду крытыкаваць, хоць мне ёсць пра што тут гаварыць), то людзі, якія свядома ідуць у палітыку, яны павінны працаваць трошкі па-іншаму, яны павінны, калі хочуць прыйсці да ўлады, па-іншаму сябе раскручваць, а не проста існаваць за кошт апазіцыйных рэсурсаў, якія ёсць. Але, я паўтару, вельмі разумна паводзіць сябе ўлада – яна не дае магчымасці ім раскруціцца. Усе нашыя палітычныя дзеячы апазіцыйныя, яны існуюць у той палітычнай прасторы, у якой круцяцца іх прыхільнікі, і толькі. У свядомасці большасці насельніцтва, асабліва сельскага, гэтых людзей не існуе. Многія ўжо забылі прозвішчы і Саннікава, і Някляева, і Мілінкевіча. Спрабуеш ім што-небудзь расказаць, а яны пытаюцца – а хто гэта? Калі ў галовах людзей няма нават прозвішча чалавека, то гэта ўжо не палітык, і тым больш не лідар.

РР: То ўсё ж цяпер Аляксандр Лукашэнка мае ці не мае прынамсі аднаго канкурэнта?

Валянцін ГолубеўЯ гляджу на будучыя выбары, і мне, прынамсі цяпер, здаецца, што гэта самая бяспройгрышная сітуацыя для Лукашэнкі ў параўнанні з тымі гадамі, якія былі. Рэальным прэтэндэнтам мог быць Саннікаў, у яго была каманда, у яго вопыт кіраўнічай дзейнасці на ўзроўні дзяржавы. А так на палітычнай прасторы павінна адбывацца спаборніцтва, я вымушаны прызнаць, што ў нас гэтага спаборніцтва няма. Прычынаў гэтаму многа: і тое, што робіць дзяржава, і тое, якая цяпер існуе апазіцыйная суполка. Апазіцыя дзеля апазіцыі – гэта не стваральна, напрыклад, за мяжой апазіцыя – гэта такая ж частка дзяржаўнага жыцця, як і кіруючая ўлада.

Гутарыла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле.