Польскі палітык спадзяецца на дэмакратычныя выбары ў Беларусі



Дэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2015 годзе чакае Роберт Тышкевіч. Старшыня камісіі замежных справаў у польскім Сейме спадзяецца, што выбары не будуць праходзіць з рэпрэсіямі ў дачыненні да апанентаў. Праўда, палітык адмовіўся ацэньваць стан беларускай апазіцыі перад адказнай кампаніяй:

–     Мы хацелі б, каб выбарчая кампанія была неабмежаваная, каб усе кандыдаты маглі свабодна прэзентаваць свае праграмы. Гэта для нас вельмі важна. Іншая рэч – гэта спосаб арганізацыі апазіцыі, як яна падрыхтуецца да гэтых выбараў. Але тут я нічога не хачу каментаваць, бо я польскі палітык і не хачу каментаваць палітычную сітуацыю ў суседзяў.

«Гэта павінна быць выключна рашэннем беларускіх палітыкаў – якім чынам яны будуць рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў, якой стратэгіяй будуць карыстацца», – падкрэсліў Роберт Тышкевіч.

Нагадаем, беларуская апазіцыя пакуль абмежавалася заявамі пра жаданне абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота roberttyszkiewicz.pl