Ці збіраецца ўрад выконваць рэкамендацыі МАП?
Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў распавядае пра тое, якія практычныя вынікі можа даць візіт у краіну дэлегацыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
Сёння ў Беларусь завітала камісія МАП, каб, у тым ліку, праверыць, якім чынам беларускі ўрад выконвае рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы.
Аляксандр Бухвостаў: Думаю, урад не збіраецца выконваць ніякія рэкамендацыі, бо, калі б было такое жаданне, то зрабіў бы гэта ўжо даўно. МАП ужо больш за 10 гадоў чакае выканання рэкамендацый, але практычна нічога не робіцца. Адна дэмагогія.
РР: Што МАП жадае бачыць найперш?
Аляксандр Бухвостаў: Шмат пунктаў, але найперш, каб незалежныя прафсаюзы ў краіне атрымалі рэальную свабоду і рэгістраваліся па заяўніцкаму метаду.
РР: Калі ўрад не збіраецца выконваць рэкамендацыі Міжнароднай арагнізацыі працы, то ў чым сэнс прыезду дэлегацыі ў Менск?
Аляксандр Бухвостаў: Наўпрост ніхто ж не кажа, што мы катэгарычна адмаўляемся выконваць умовы. Маўляў, вы нас навучыце, правядзіце вучобу, семінары… Таму нейкі дыялог ідзе, абмяркоўваюцца рознага кшталту пытанні, але не больш за тое. Урад і афіцыйныя прафсаюзы па-ранейшаму талдычаць еўрапейцам, што ў нас усё добра, а прафсаюзы эфектыўна дзейнічаюць. Але што яшчэ можна чуць ад цалкам залежнага ад улады прафсаюза? Іншая справа, што ёсць краіны, дзе сітуацыя з прафсаюзамі яшчэ горшая, чым у Беларусі, таму мы ў гэтым плане не ў лідарах. Але ж з іншага боку – нашы праблемы таксама нікуды не знікалі.
РР: МАП можа паўплываць на тое, каб адмянілі дэкрэт аб “дармаедах”, кантрактную сістэму…
Аляксандр Бухвостаў: Не, яны могуць даць толькі ацэнку сітуацыі, хаця не выключаю, што падчас сустрэч вострыя пытанні, напэўна, будуць разглядацца. Увогуле, выхад людзей з пратэстамі на вуліцы паспрыяў прыпыненню дзеяння дэкрэта аб “дармаедах” куды больш, чым дэбаты ў Міжнароднай арганізацыі працы.
Што датычыцца сёняшняй сітуацыі, то многае залежыць яшчэ і ад палітычнай кан’юктуры. Палітыка, якая зараз фарміруецца ў адносінах да Беларусі з боку Захада, будзе адбівацца і на рашэннях МАП.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя