КДК: Рост дзярждоўгу становіцца найважнейшай праблемай для бюджэту



Пастаянны рост дзяржаўнага доўгу стаў сур’ёзнай праблемай для бюджэту, заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 21 чэрвеня.

„Найважнейшай праблемай для бюджэту становіцца рост дзяржаўнага доўгу. За 2016 год дзярждоўг павялічыўся на 4,1 млрд рублёў і на пачатак гэтага года складаў 37 млрд рублёў, што ўдвая больш за даходы рэспубліканскага бюджэту”, — падкрэсліў Курлыпа.

Ён адзначыў, што нарошчванне велічыні дзярждоўгу вядзе да павелічэння нагрузкі на рэспубліканскі бюджэт.

„Расходы бюджэту толькі на абслугоўванне дзярждоўгу ў 2016 годзе склалі 1,7 млрд рублёў і павялічыліся ў параўнанні з пазамінулым годам на 401,3 млн рублёў, або на 30%”, — канстатаваў намеснік кіраўніка КДК.

Ён звярнуў увагу, што бюджэт на працягу шэрагу апошніх гадоў фармуецца з прафіцытам, і гэта, „згодна з логікай, павінна прыводзіць да зніжэння велічыні дзярждоўгу, аднак па факце ён павялічваецца”.

„Гэта звязанае з тым, што на яго пагашэнне накіроўваецца нязначная частка прафіцыту. Так, у 2016 годзе 50% прафіцыту было накіравана на павелічэнне долі дзяржавы ў статутных фондах арганізацый, 35,3% — на выкананне абавязацельстваў па гарантыях урада і толькі 2,4% — на пагашэнне даўгавых абавязацельстваў”, — паведаміў Курлыпа.

Ён таксама канстатаваў, што летась паказчык дзярждоўгу ў адносінах да валавога ўнутранага прадукту працягваў павялічвацца.

„Адносіны дзярждоўгу да ВУП да канца 2016 года склалі 39,2% і не перасягнулі ўстаноўленага парогавага значэння, але пры гэтым гэты паказчык пагоршыўся ў параўнанні з узроўнем паводле вынікаў 2015 года”, — адзначыў Курлыпа.

Як паведамляў БелаПАН, Мінфін раней таксама выказваў занепакоенасць ростам расходаў па абслугоўванні дзяржаўнага доўгу. Згодна са звесткамі фінансавага ведамства, за 2010—2016 гады расходы бюджэту (у працэнтах да ВУП) па абслугоўванні дзярждоўгу павялічыліся ў пяць разоў. „Нарошчванне аб’ёму доўгу непазбежна вядзе да росту расходаў па яго абслугоўванні, павялічваючы нагрузку на бюджэт. Доля гэтых плацяжоў у аб’ёме расходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе склала больш за 10%, а ў 2010 годзе — прыблізна 2%”, — адзначалася ў матэрыялах лютаўскага пасяджэння пашыранай калегіі Мінфіна.

У 2016 годзе дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 4,1 млрд рублёў, або на 12,5%, і на 1 студзеня 2017 года склаў 37 млрд рублёў.

Пры гэтым знешні дзярждоўг склаў 13,6 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку 2016 года на 1 млрд 198,8 млн даляраў, або на 9,6%. Унутраны дзярждоўг склаў 10,2 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 0,5 млрд рублёў, або на 5%.

Варта адзначыць, што беларускія ўлады ўзялі абавязацельствы перад Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця аб тым, што ўзровень дзярждоўгу Беларусі не павінен перавышаць 45% ВУП.

belapan.by