У Менскай вобласці аб’яўлены ў вышук 291 прызыўнік
У Менскай вобласці па выніках апошняй кампаніі па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу 44 прызыўнікі ўхіліліся ад прызыву, 291 абвешчаны ў вышук. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 чэрвеня ў Мінску паведаміў пракурор вобласці Алег Лаўрухін.
Паводле яго слоў, матэрыялы ў дачыненні да гэтых асоб рыхтуюцца і будуць накіраваны пракурорам для арганізацыі правядзення праверак і вырашэння пытання аб распачынанні крымінальных спраў, „для дачы прававой ацэнкі”.
Пракурор Менскай вобласці адзначыў, што калі грамадзянін без уважлівых прычын не прыбыў хаця б на адно з мерапрыемстваў прызыву і гэта перашкодзіла прызыўной камісіі прыняць у дачыненні да яго рашэнне аб ступені прыгоднасці, аб прызыве і г.д., то гэта і з’яўляецца ўхіленнем ад прызыву. Адказнасць за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву ўстаноўлена арт. 435 КК.
„Сёння ніхто не накіроўваецца ў гарачыя кропкі, у краіне створаны дастаткова камфортныя ўмовы, каб аддаць доўг Радзіме, навучыцца ваеннаму рамяству. Маё асабістае стаўленне да тых, хто ўхіляецца ад прызыву, вельмі негатыўнае”, — заявіў Лаўрухін.
Ён расказаў, што за 2015 год паступілі 82 заявы і паведамленні пра злачынствы, звязаныя з ухіленнем грамадзян ад мерапрыемстваў прызыву, у 2016 годзе — 125. Па выніках іх разгляду ў 2015 годзе было распачата 58 крымінальных спраў, у 2016 годзе — 85. Органы пракуратуры ажыццяўлялі нагляд за законнасцю прынятых працэсуальных рашэнняў. У 2016 годзе пракурорамі адменена 31 пастанова органа дазнання аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, у 2015-м — 32.
У 2016 годзе пракурорамі былі распачаты чатыры крымінальныя справы (з адначасовай адменай пастаноў аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы) па фактах ухілення ад прызыву на тэрміновую ваенную службу ў маі 2016 года. Крымінальныя справы накіраваны ў суд.
У 2017 годзе органамі следства скончана папярэдняе расследаванне па 28 крымінальных справах названай катэгорыі, якія перададзены для разгляду ў суд.
Як адзначыў пракурор Менскай вобласці, за ўчыненае злачынства прызыўнікі ў асноўным атрымліваюць штраф, хоць санкцыя арт. 435 КК прадугледжвае і арышт, і абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, і пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
belapan.by