Аляксандр Лукашэнка: Найлепшы час для выбараў – восень
Правядзенне прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку будзе падманам нашых выбаршчыкаў і насельніцтва, заявіў Аляксандр Лукашэнка. З прапановай прызначыць выбары на сакавік-красавік раней выступіла Ліберальна-дэмакратычная партыя. Аднак, паводле Лукашэнкі, найлепшы час для выбараў – гэта восень, пасля сельскагаспадарчых працаў.
Беларуская апазіцыя надалей не мае адзінства ў пытанні адзінага кандыдата на выбары. Супярэчнасці ляжаць на паверхні, кажа палітолаг Дзяніс Мельянцоў:
– Усе пераследуюць абсалютна розныя мэты. Ва ўсіх розныя погляды на тое, якім мусіць быць кандыдат ад апазіцыі. Не ўзгоднены патрабаванні да кандыдата і ўвогуле самі кандыдаты, яны таксама ўсе яшчэ не выявіліся. Таму я думаю, што спачатку было б добра, каб усе тыя, хто хацеў бы ўдзельнічаць у выбарах, так ці інакш аб’явілі пра гэта, а пасля ўжо пад гэтыя расклады сіл фармаваўся кангрэс і яго працэдуры. А зараз робіцца спроба зрабіць наадварот.
Паводле Дзяніса Мельянцова, час для аб’яднання апазіцыі яшчэ ёсць. Але чым больш яго будзе страчана на пошукі адзінства, тым менш застанецца для „раскруткі” патэнцыйнага прэтэндэнта ад дэмакратычнай апазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота euroline.by