У Менску праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў краін ЦЕІ
У менскім „Прэзідэнт-гатэлі” пачалося пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ). Мерапрыемства праводзіцца ў межах старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе.
Асноўная тэма дыскусіі: „Нарастальная роля краін — членаў ЦЕІ ў прасоўванні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб’яднанне намаганняў у супрацьстаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне і ўмацаванне прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі”.
Удзельнікі пасяджэння СМЗС ЦЕІ — прадстаўнікі МЗС Албаніі, Аўстрыі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Італіі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Харватыі, Чэхіі, Чарнагорыі і Украіны. На ўзроўні міністраў прадстаўленыя Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Сербія, Славакія. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаюць альтэрнатыўны генеральны сакратар ЦЕІ Маргот Клестыль-Лёфлер, генеральныя сакратары Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Энза Кватрачоке і Савета рэгіянальнага супрацоўніцтва Горан Свіланавіч, кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі Андрэа Віктарын, кіраўнікі дыпламатычных місій краін — членаў ЦЕІ, акрэдытаваныя ў Беларусі, прадстаўнікі сакратарыятаў Савета дзяржаў Балтыйскага мора і СНД.
Перад пачаткам пасяджэння з прадстаўнікамі МЗС краін ЦЕІ ў Палацы Незалежнасці сустрэўся Аляксандр Лукашэнка. Ён заклікаў іх не будаваць „новыя жалезныя заслоны, а наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце”. Дзейнасць ЦЕІ „павінна быць накіраваная на рашэнне менавіта гэтай, вельмі складанай, няпростай задачы”, падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва — рэгіянальнае аб’яднанне, створанае ў 1989 годзе Аўстрыяй, Венгрыяй, Італіяй і Югаславіяй. Галоўная мэта арганізацыі — садзейнічанне ўмацаванню еўрапейскага рэгіянальнага супрацоўніцтва для прадухілення ўтварэння новых ліній падзелу ў Еўропе. Зараз у склад ЦЕІ ўваходзяць 18 дзяржаў.
Беларусь далучылася да арганізацыі ў чэрвені 1996 года. Сёлета краіна старшынюе ў ЦЕІ.
У лютым на пасяджэнні камітэта нацыянальных каардынатараў ЦЕІ ў Менску кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь „упершыню бярэ на сябе вядучую ролю ў адной з найстарэйшых арганізацый еўрапейскай інтэграцыі за нашай заходняй мяжой, якая аб’ядноўвае краіны — члены Еўрапейскага звяза і яго найбліжэйшых суседзяў”. Паводле яго слоў, галоўным з прыярытэтаў свайго старшынства Беларусь называе „прасоўванне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе — гэтая шырокая тэма закранае розныя аспекты ўзаемадзеяння, якія з’яўляюцца ў роўнай ступені важнымі і ўзаемадапаўняльнымі для згуртаванасці не толькі сярод краін ЦЕІ, але і сярод розных інтэграцыйных платформаў на нашым кантыненце”.