Чаму дэпутатам варта зменшыць фінансаванне?
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, чаму сённяшнія нардэпы не напрацавалі на той заробак, што атрымліваюць.
Беларускі кіраўнік заявіў, што хоча скараціць фінансаванне Палаты прадстаўнікоў, і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета з гэтым згодны.
Лявон Баршчэўскі: Я ўвогуле мяркую, што трэба глабальна скарачаць заробкі тым, хто знаходзіцца ў кіраўнічых органах. У тым ліку, і дэпутатам. Іх заробкі павінны быць прывязаны з пэўным каэфіцыентам да тых сярэдніх заробкаў, якія ёсць па ўсёй краіне. І гэта будзе самае правільнае рашэнне. А калі адначасна будзе скарачэнне фінансавання яшчэ і ў Адміністрацыі прэзідэнта, і ва ўрадзе, то гэта можна толькі вітаць. Усе галіны ўлады павінны атрымліваць прыкладна аднолькава, а не так, што ў кагосьці будуць высокія заробкі, а некаму знізяць. Трэба, каб аптымізацыя прайшла па ўсіх структурах.
РР: У СМІ агучваліся заробкі сённяшніх дэпутатаў – больш за 1000 даляраў у месяц. Ці адпрацоўваюць пасланнікі народа гэтыя грошы?
Лявон Баршчэўскі: Безумоўна, не адпрацоўваюць, таму што гэты парламент па сутнасці нічога не вырашае. Але, калі б у Беларусі сярэдні заробак быў 800 даляраў, то дэпутат мог бы атрымліваць тысячу. Гэта было б нармальна.
РР: А ў вашы часы, у 90-я гады, колькі атрымлівалі дэпутаты Вярхоўнага Савета?
Лявон Баршчэўскі: Заробкі старшыні Пастаяннай камісіі прыкладна адпавядалі заробку міністра. Гэта нармальная сітуацыя – сінхранізаваць заробкі выканаўчай і заканадаўчай улады. Але ж тады Вярхоўны Савет быў заканадаўчым органам, які сапраўды вырашаў у краіне дзяржаўныя пытанні. Ён не быў бутафорскім.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя