Беларускія шахматысты згулялі ўнічыю з ЗША на камандным ЧС
Беларускія шахматысты згулялі ўнічыю з ЗША на камандным чэмпіянаце свету ў Ханты-Мансійску.
У пятым туры спаборніцтваў шахматысты з Беларусі і ЗША не змаглі выявіць мацнейшага і завяршылі матч з нічыйным рэзультатам – 2:2. На старце турніру нашы спартсмены прайгралі апанентам з Кітая – 0,5 на 3,5 ачка. Другі тур супраць украінскіх шахматыстаў беларусы звялі да нічыёй – 2:2. Далей ім не ўдалося перамагчы індыйскую каманду. Матч завяршыўся з лікам 1,5 на 2,5 ачка. Таксама беларусы ўступілі ў чацвёртым туры спаборніцтваў гаспадарам спаборніцтваў з вынікам 1:3.
Пасля пяці тураў лідзіруе каманда Расеі – 14 балаў, другую пазіцыю займае каманда Кітая – 13,5 бала, замыкаюць тройку лідараў польскія шахматысты – 12,5. Беларусы займаюць дзявятае месца – 7 ачкоў.
У шостым туры спаборніцтваў 23 чэрвеня наша каманда сустрэнецца з супернікамі з Нарвегіі. Беларуская зборная на чэмпіянаце свету прадстаўлена мацнейшымі шахматыстамі, у яе складзе Уладзіслаў Кавалёў, Сяргей Жыгалка, Аляксей Фёдараў, Аляксей Аляксандраў і Кірыл Ступак.