У Беларусі праходзіць месячнік “Чалавек з белым кіем”



На Берасцейшчыне месячнік „Чалавек з белым кіем” рэгулярна ладзіцца з 2005 года. У вобласці жыве звыш трох тысяч чалавек з захворваннямі зроку, з якіх каля 200 – маладыя людзі.

У час месячніка ва ўзмоцненным рэжыме праводзіцца рэабілітацыйная праца не толькі з інвалідамі па зроку, але і іх сваякамі, – кажа сябра праўлення Пінскай арганізацыі інвалідаў па зроку Зінаіда Міхальчык:

– Праводзяцца розныя семінары, трэнінгі, дзе вядзецца навучанне як дапамагаць інвалідам па зроку. І са сваякамі вялікая праца вядзецца. Таму што калі інвалід па зроку выпадае з жыццёвай сферы, то ў выніку бываюць розныя негатыўныя наступствы, здараюцца нават суіцыды.

„Белы кій” з’яўляецца пазнавальным знакам слепаты з 1921 года, а з сярэдзіны 1960-х гадоў 15 кастрычніка – Міжнародны дзень „Белага кія”, як напамін аб праблемах людзей з захворваннямі зроку.

Беларускае Радыё Рацыя