Белчыгунка прызначыла шэраг дадатковых цягнікоў на ліпень



З нагоды 3 ліпеня Беларуская чыгунка прызначыла 20 дадатковых цягнікоў у міжрэгіянальных зносінах, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

Так, 30 чэрвеня, 1, 3 і 4 ліпеня дадатковыя цягнікі, а таксама прычапныя вагоны ў саставах рэгулярных цягнікоў будуць курсаваць па найбольш запатрабаваных кірунках: Менск-Берасце-Менск, Менск-Віцебск-Менск і Менск-Гомель-Менск.

На 8-9 ліпеня таксама прызначаныя дадатковыя цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа для перавозкі ўдзельнікаў і гасцей свята «Александрыя збірае сяброў», які пройдзе ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна. Дадатковыя цягнікі будуць курсаваць па маршруце Магілёў-Шклоў-Копысь (вёска Александрыя)-Шклоў-Магілёў і Орша-Копысь-Орша.

Ужо сёмы год запар Беларуская чыгунка прызначае цягнік міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа на час правядзення Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». У бягучым годзе цягнік № 644/643 будзе курсаваць паміж Менскам і Віцебскам падчас правядзення фестывалю штодня з 11 па 20 ліпеня. Са станцыі Менск-Пасажырскі ён будзе адпраўляцца з 11 па 19 ліпеня ў 12.47 і прыбываць у Віцебск у 16.32. З Віцебска цягнік будзе адпраўляцца з 12 па 20 ліпеня ў 01.32 і прыбываць у сталіцу ў 05.17.

Больш падрабязную інфармацыю аб раскладзе дадатковых цягнікоў можна атрымаць на афіцыйным сайце Беларускай чыгункі, а таксама па тэлефонах даведачнай службы.