Сейм Польшчы спрасціў працаўладкаванне для іншаземцаў



Сейм Польшчы прыняў новы законапраект аб папулярызацыі працаўладкавання і ўстановаў рынка працы, які спрашчае правілы найму іншаземцаў на сезонную працу ў Польшчы. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Сейму Польшчы. 

Мэтай законапраекту ёсць адаптацыя нацыянальнага заканадаўства Польшчы з дырэктывай Еўразвязу пра ўмовы ўезду і пражывання грамадзянаў трэціх краін (не краін – сябраў ЕЗ) для працаўладкавання на сезонную работу.

Закон датычыць грамадзянаў Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Расеі, якія змогуць карыстацца спрошчанай працэдурай доступу да рынку працы.

Змены ў закон прадугледжваюць, што акрамя дазволаў на працу, якія выдае ваявода на перыяд да трох гадоў, уведзены дазволы на сезонную працу, якія будзе выдаваць стараста.

Змест закону прадугледжвае стварэнне рэестра працы замежнікаў, які будзе змяшчаць інфармацыю пра дазволы на працы і дазволы на сезонную працу. У рэестр будзе ўнесена інфармацыя старастаў пра недахоп патрэбных кадраў на мясцовым рынку працы.

Законам прадугледжаны плацёж (30 злотых) за рэгістрацыю заявы працадаўцы пра намер працаўладкавання іншаземцаў.

Заяву могуць не зарэгістраваць, калі ўпраўленне прызнае, што яна была складзена ў карыслівых мэтах ці будзе выкарыстана іншаземцам для іншых мэтаў. Працу на падставе заявы, якую зарэгіструе стараста, можна будзе выконваць цягам шасці месяцаў за перыяд у наступныя 12 каляндарных месяцаў.

Беларускае Радыё Рацыя