Гарадзенцы хочуць палепшыць умовы жыцця



Жыхары гарадзенскага мікрараёна Альшанка збіраюць подпісы, каб у мікрараёне з’явілася паліклініка, а таксама змяніліся ўмовы жыцця. У раёне Гародні, дзе пражывае каля 30 тысяч чалавек, мала крамаў ды існуюць праблемы з транспартам.

Пра праблемы Альшанкі распавядае ініцыятар збору подпісаў Яўген Дудкін:

– Перш за ўсё людзей хвалюе паліклініка, бо некаторым трэба вазіць сваіх маленькіх дзяцей на аналізы ў розныя ўстановы. Адны аналізы тут, а іншыя трэба везці ў цэнтр горада ў іншую паліклініку. Па-другое, маленькіх дзетак трэба везці з перасадкай на прыпынку „Фабрыка Нёман”, у паліклініку, якая знаходзіцца на ўскрайку горада. Было б рацыянальна стварыць аўтаномную паліклініку з поўным пералікам урачоў спецыялістаў.

Жыхары Альшанкі падчас збору подпісаў таксама падзяліліся сваімі праблемамі:

– Праблемы – гэта школьныя ўстановы, дзіцячыя садкі, паліклініка, сацыяльная сфера. Недахоп зялёных насаджэнняў – кустоў, дрэваў, якія першапачаткова высаджваліся, але то дзеці ламаюць, то яны высыхаюць.

– Па-першае, транспарт, бо да дзіцячай паліклінікі трэба ехаць гадзіну з перасадкамі. Каб даехаць без перасадак, трэба ехаць не ў гадзіну пік.

За паляпшэнне ўмоў жыцця ў Альшанцы ўжо сабрана больш за 200 подпісаў і створана электронная петыцыя да гарадскіх уладаў. Жыхары Альшанкі цягам тыдня збіраюцца звярнуцца да дэпутатаў і азнаёміць іх з праблемамі раёна.

[Not a valid template] 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня