Чаму Андрэй Дзмітрыеў выступае супраць пратэстаў?



Адзін з лідараў “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў распавядае, чаму ён не вітае пратэстныя акцыі.

22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы Менска прайшла акцыя ў падтрымку палітвязняў, 3 ліпеня Мікалай Статкевіч заклікаў ізноў сабрацца на гэтым жа месцы.

Андрэй Дзмітрыеў: Я лічу, што гэта дрэнная ідэя – праводзіць акцыі ў дні, якія звязаны з вайной. І без сур’ёзнай іфнармацыйнай падрыхтоўкі, на якую у арганізатараў, відаць, няма сілаў, можна сустрэць хвалю непаразумення з боку грамадства. У такім выпадку дыскрэдытуецца сама ідэя падтрымаць патрыётаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Дыскрэдытуецца чалавечая салідарнасць. І мы ж бачым, колькі 22 чэрвеня адгукналася на акцыю – усяго некалькі чалавек.

РР: А калі ўвогуле казаць пра пратэсты… Ці падтрымліваеце вы такую форму барацьбы?

Андрэй Дзмітрыеў: У Беларусі да вулічнага пратэста трэба адносіцца дастаткова асцярожна, таму што, як ужо казаў, вельмі лёгка дыскрэдытаваць саму ідэю. Людзі і так баяцца выхада на вуліцу, таму што ўлады нярэдка неадэкватна рэагуюць на пратэсты, а таму кожны раз трэба даволі ўзважана паступаць. І калі заклікаюць на чарговую акцыю, я звязваю гэта з адсутнасцю ў людзей ідэй з нагоды таго, што ім рабіць. Самае простае ў такой сітуацыі – заклікаць на акцыю ў Інтэрнэце, даць некалькі інтэрв’ю, паглядзець, колькі людзей прыйшло, і на гэтым закончыць справу. Але, як мне падаецца, да такіх акцый зусім не вядзецца падрыхтоўчай працы. Тры запісы ў сацыяльных сетках – гэта падрыхтоўка?

РР: Але ж вясной людзді масава пратэставалі на вуліцах і плошчах па ўсёй краіне…

Андрэй Дзмітрыеў: Людзі выйшлі пратэставаць не таму, што іх паклікала апазіцыя, а супраць дэкрэта аб “дармаедах”, які закрануў многіх. Апазіцыя падхапіла гэтыя настроі, што называецца, патрапіла ў кропку. Але ж заўсёды спадзявацца на “авось” прыводзіць да таго, што псуецца агульны імідж дэмакратычных сіл. Так, людзі маюць права пратэставаць. Але, як палітык, я абіраю тыя метады, якія найбольш эфектыўныя на гэты момант і дапамагаюць дасягаць мэту.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Рацыя