ААН працягнула мандат адмысловага дакладчыка па Беларусі



Рада ААН па пытаннях правоў чалавека працягнула на год мандат адмысловага дакладчыка ў правах чалавека ў Беларусі, перадае БелаПАН. Супраць працягу мандату выступілі Балівія, Бурундзі, Венесуэла, Індыя, Кітай, Куба, Філіпіны і Егіпет, «за» прагаласавалі 18 краінаў — сяброў Рады, устрымалася 21 краіна. Раней з прапановай скасаваць мандат выступалі Беларусь и Расея.

Рада «пастанаўляе падоўжыць на адзін год мандат адмысловага дакладчыка па пытанні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» і просіць прызначанага даць новую справаздачу на 38-й сесіі Рады і на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Таксама ў дакуменце заклікаюць улады Беларусі супрацоўнічаць з дакладчыкам у поўнай меры, дазволіць яму наведаць краіну, каб «дапамагчы ўраду ў выкананні яго міжнародных абавязанняў у галіне правоў чалавека», і разглядзець пытанне аб выкананні яго рэкамендацый”.

З 2012 года пасаду дакладчыка па Беларусі займае Міклаш Харашці. Але афіцыйны Менск адмаўляецца з ім супрацоўнічаць і не пускае ў Беларусь.