Нобелеўскую лаўрэатку разыгралі пранкеры



Расейскія адмыслоўцы ў тэлефонных розыгрышах Ваван і Лексус вырашылі “пажартаваць” з беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, назваўшыся міністрам культуры Украіны Яўгенам Нішчуком. Праз некалькі дзён пасля размовы яны выклалі гукавую версію. Яе ў асобным сюжэце агучыў расейскі тэлеканал РТР.

Алексіевіч камэнтуе: “Магу пасмяяцца сама з сябе, бо пранкеры мяне добра “развялі”. Справа ў тым, што Пётр Парашэнка ўжо тэлефанаваў мне некалькі разоў, мы дамаўляліся з ім на сустрэчу, але ўсё ніяк не атрымлівалася”. 

Па словах Алексіевіч, у апублікаванай размове з нібыта ўкраінскім міністрам яна паўтарыла тое ж, аб чым казала неаднаразова: аб неабходнасці дэрусіфікацыі Украіны, дэкамунізацыі і зносе савецкіх помнікаў.

Цікавасць да яе пранкераў Алексіевіч тлумачыць негатыўнай рэакцыяй у Расеі на яе інтэрв’ю, апублікаванае прапагандысцкім агенцтвам „Рэгнум”.