У Бабруйску пераследуюць актывістку Любоў Санкевіч
Бабруйская актывістка Любоў Санкевіч была затрыманая 22 чэрвеня па вяртанні з Менску пасля пікету салідарнасці з затрыманымі па „справе патрыётаў”. На вакзале ў Бабруйску яе ўжо чакалі пяць супрацоўнікаў міліцыі і адзін амапавец. Актывістку адвезлі ў РУУС на размову з вядомым па палітычных справах падпалкоўнікам Сяргеем Рудзько.
Пра тое, як адбывалася затрыманне распавядае Любоў Санкевіч:
– Нашыя доблесныя праваахоўныя органы, зразумела, сустрэлі мяне з цягніка. Амонавец кажа: я даю слова афіцера, што вас прывязуць назад. Я кажу: куды назад? у якім стане? Я не паеду. Няхай Рудзько вышле мне позву. Я прыйду сама. Мяне, зразумела, прывезлі на РУУС да Рудзько ў кабінет. Я кажу, мне патрэбны абаронца. Ён кажа: тэлефануйце. А хто да мяне у 12 ночы праедзе? Заўтра будзе дзень і я прыйду з абаронцам. Ён тады пачаў мяне апытваць. Я кажу, што не буду адказваць на пытанні. Потым мне кепска стала і я папрасіла выклікаць мне хуткую. Ён ее не выклікаў. Ён маўчаў.
Жанчыне прыйшлося самой выклікаць хуткую, бо ў яе здарыўся гіпертанічны крыз, а міліцыянты выклікаць медыкаў адмовіліся. 23 чэрвеня Любоў Санкевіч спрабавалі паўторна затрымаць, калі яна выходзіла з будынку банка.
Актывістка плануе падаць скаргу на проціпраўныя дзеянні праваахоўных органаў і нематываванае затрыманне.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск.