Максім Вінярскі: Калі ёсць загад ізаляваць, то цябе ізалююць



Апазіцыйны актывіст Павел Вінаградаў чарговы раз падвергнуты прэвентыўнаму адвольнаму арышту тэрмінам на 15 сутак. На адмысловай прэс-канферэнцыі, якую зладзілі праваабронцы з “Вясны”, яшчэ адзін актывіст Максім Вінярскі са свайго ўласнага досведу распавёў аб палітыцы беларускіх уладаў у плане прывентыўных затрыманняў.

Па словах Вінярскага, пасля 2006 году ён фактычна не можа пражываць па месцы сваёй рэгістрацыі.

“Сталася так, што зараз большая частка актыўных людзей, якія займаюцца нейкай дзейнасцю, нават страціла магчымасць пражываць па месцы рэгістрацыі, – кажа актывіст. – Гэта смешна, але так. Я таксама дома амаль не жыву, бо перад любым мерапрыемствам туды прыходзяць міліцыянеры з мясцовага РУУС, каб адправіць мяне на “суткі”. Маці казалі так, калі не знаходзілі мяне: “Вы лепш самі скажыце, дзе ён знаходзіцца, мы з ім толькі пагутарым”. Але з практыкі добра вядома, чым заканчваюцца “размовы” з нашай міліцыяй”.

Як праходзяць адвольныя затрыманні?

“Затрымоўваюць звычайна, калі ты выходзіш з месца, дзе ў пэўны час знаходзішся (а сілавікам гэта ўжо вядома), – дадае Максім Вінярскі. – Могуць падыйсці ці АМАПаўцы, ці крымінальны вышук, а аднойчы, калі быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, бралі супрацоўнікі аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Часцей за ўсё хуценька паказваюць “корку”, а затым просяць твае дакументы. Калі іх няма, то кажуць, што трэба праехаць для высвятлення асобы. Ёсць дакументы – забіраюць іх разам з табой. Калі затрымоўваюць два чалавекі, то яшчэ могуць угаворваць праехаць з імі. А вось брыгада з 3-4 сілавікоў дзейнічае больш нахабна: рукі за спіну – і ў машыну”.

Актывіст адзначае, што пасля затрымання чалавек цалкам выключаны з прававога поля.

“Можна шмат пісаць у метадычках, якія правы ты маеш у міліцэйскім пастарунку, але рэалізаваць іх у рэальнасці проста немагчыма, – канстатуе ён. – Мне, напрыклад, апошнім часам нават нічога не прапаноўваюць падпісваць. Самі ўсё афармляюць. Неяк спачатку абвінавачвалі па артыкуле “Хуліганства”, а затым перакваліфікавалі яго ў “Непадпарадкаванне работнікам міліцыі”. Ёсць альбо няма сведкі, патрэбна ці не патрэбна дапамога адваката? Усё гэта існуе толькі ў міфічным прававым полі, якога насамрэч няма. Ніхто не тлумачыць нават тое, за што затрыманы. І нярэдка даведваешся пра свой артыкул толькі ў судзе. Да таго ж, на судзе як сведкі выступаюць міліцыянеры, да якіх і прыслухоўваюцца”.

– Так што даказаць сваю невінаватасць практычна немагчыма, – з сумам падвёў вынік Максім Вінярскі. – Калі ёсць загад ізаляваць цябе, то ізалююць. Вось такая ў нас „дэмакратыя”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя