Менск увайшоў у дзясятку самых танных гарадоў для замежнікаў
Амерыканская кансалтынгавая кампанія Mercer кожны год праводзіць даследаванне – складае рэйтынг самых дарагіх і самых танных краін для замежнікаў, якія ў іх прыязджаюць.
У спіс трапілі гарады з 209 краін, размешчаных на пяці кантынентах. Ацэньвалі іх па тым, колькі каштуюць больш за 200 тавараў і паслуг, якімі карыстаюцца прыезджыя: жыллё, транспарт, ежа, тавары для дома, адзенне, забавы … Базавы горад даследавання – Нью-Ёрк, з ім параўноўваюць усе дадзеныя.
У чэрвені 2017 года спецыялісты апублікавалі абноўлены рэйтынг. Менск увайшоў у дзясятку самых прывабных па кошце, то бок, танных гарадоў і заняў 200-е месца з 209. Для Усходняй Еўропы ён увогуле лічыцца самым танным. Хоць у параўнанні з мінулым годам беларуская сталіца падаражэла: тады яна займала 204-е месца.