Польшча хоча выключыць Белавежскую пушчу са спісу ЮНЕСКА



Міністр навакольнага асяроддзя Польшчы Ян Шышко звярнуўся ў пракуратуру, каб вырашыць пытанне аб выключэнні Белавежскай пушчы са спісу сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

У чацвер ён наведаў пушчу і запрасіў з сабой паслоў краін ЕЗ. У ходзе выступлення, якое трансляваў тэлеканал TVN24, Шышко заявіў, што лясны масіў ў 2014 годзе трапіў у спіс ЮНЕСКА ў парушэнне міжнароднага права. Паводле яго слоў, пасля гэтага там стала немагчыма весці якую-небудзь дзейнасць. „Увесь свет стаў патрабаваць абмежаваць выкарыстанне лясоў пушчы”, – сказаў міністр.

Ён растлумачыў, што з-за гэтага адбылася „лавінападобная гібель дрэў з-за розных хвароб і насякомых”. „Немагчымасць меліярацыі выклікала з’яўленне паверхневай вады ў адных месцах, што, у сваю чаргу, выклікае дэструктыўныя з’явы, і недахоп вады ў іншых месцах, што таксама дрэнна ўплывае на фауну пушчы”, – заявіў Шышко.

Ён паведаміў, што ўжо звярнуўся ў пракуратуру Польшчы з гэтай нагоды. Шышко распавёў, што бачыць магчымасць вырашыць сітуацыю, унёсшы Белавежскую пушчу ў спіс культурнай спадчыны ЮНЭСКА, выключыўшы яе са спісу прыроднай спадчыны.

Міністр перакананы, што ў дачыненні да пушчы маецца юрыдычная супярэчнасць. „З аднаго боку, ёсць правілы ЕС, якія патрабуюць абароны лесу, а гэта патрабуе правядзення работ. З іншага боку – правілы ЮНЕСКА, якія забараняюць любое ўмяшанне чалавека”, – сказаў ён

Гэтая заява міністра выклікала вельмі негатыўную рэакцыю польскай апазіцыі. Так, дэпутат партыі Грамадзянская платформа Славамір Нітрас вынес на трыбуну Сейма мех з пілавіннем. „Гэта пілавінне, яно яшчэ пахне лесам, але лесам ўжо не з’яўляецца. Уся Польшча поўная пілавіння, толькі вы тут не хочаце пра гэта казаць. Гэта сімвал вашых урадаў – пілавінне!”, – сказаў Нітрас.

Эколагі з розных краін рэгулярна пратэстуюць супраць высечкі пушчы. Яны прыкоўваюць сябе да цяжкай тэхнікі. Іх акцыі перапыняе паліцыя. Раней польскі бок прыняў рашэнне аб санітарнай высечцы часткі Белавежскай пушчы, якая не з’яўляецца тэрыторыяй запаведніка. Паведамлялася, што прычынай гэтага стала беспаспяховая барацьба леснікоў з жуком-караедам.

Белавежская пушча, праз якую праходзіць мяжа Польшчы і Беларусі, з’яўляецца найбуйнейшым астаткам першабытнага лесу ў Еўропе. На польскай тэрыторыі знаходзіцца Белавежскі нацыянальны парк, які ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

ria.ru

Фота bahna.land