„Лямцавая батлейка” паказала ў Гародні спектакль „Хутчэй, мама Му!”



Прэм’ера новай казкі, прыгоды „мамы Му” для малых прайшла ў Гародні.  Лялечны тэатр „Лямцавая батлейка” прывёз спектакль „Хутчэй, мама Му!”. Пастаноўка ажыццёўлена паводле аднайменнай кніжкі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр.

Кажа акторка лялечнага тэатра Вераніка Фаміна:

– Гэты спектакль мы ставілі разам – я, Вераніка Фаміна, і Бэла Кавалькова. Таксама прымаў удзел кампазітар Леанід Паўлёнак, знакаміты беларускі кампазітар, які шмат піша музыкі для нашага дзяржаўнага лялечнага тэатра ў Менску. І ён напісаў для нашага спектакля музыку. То бок можна будзе пачуць прыгожую кампазіцыю.

Спектакль прайшоў у памяшканні грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай у Гародні. Гэта ўжо трэцяя лялечная пастаноўка „Лямцавай батлейкі”, якую можна было пабачыць за апошнія гады ў парафіі.

Кажа айцец Андрэй Крот:

– Гэта ўжо не першы прыезд ў нашу парафію, яны ўжо нашы сталыя сябры. Заўсёды прымаем іх з радасцю, з задавальненнем. Бо такія вясёлыя дзіцячыя спектаклі цікавыя і для дзяцей, і для дарослых. Дзеці з нашай нядзельнай школкі, дзеці нашых парафіянаў, дзеці нашых сяброў парафіі, яны прыходзяць і заўсёды з задавальненнем глядзяць і слухаюць гэтыя спектаклі. 

Паказ спектакля здзейснены дзякуючы кампаніі „Будзьма беларусамі”. Таксама лялечную пастаноўку паглядзелі ў дзіцячым Госпісе.

Новыя прыгоды разважлівай Каровы і эксцэнтрычнага Крумкачыка ў спектаклі „Хутчэй, Мама Му!”. Знакамітая шведская карова Мама Му аднойчы сустрэлася са сваім найлепшым сябрам Крумкачом на рэчцы ля кладачкі. Кожная сустрэча герояў ператвараецца ў неверагодныя прыгоды! З чаго зроблены караблікі, як трэба лавіць рыбу, дзе хаваюцца шчупакі – пра ўсё гэта даведаліся малыя гледачы.

Лялькі і дэкарацыі зроблены ў традыцыйнай для Беларусі тэхніцы валяння з экалагічнага матэрыялу – воўны.

[Not a valid template]Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара