Уладзімір Макей з пасламі апранулі вышыванкі



25 чэрвеня напярэдадні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь па запрашэнні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея кіраўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у краіне, разам з сем’ямі прынялі ўдзел у свяце „Дзень беларускай вышыванкі”.

У сваім выступе У. Макей падкрэсліў важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і папулярызацыю беларускай самаідэнтычнасці.

„Добра, што сёння мы маем магчымасць вярнуцца да гісторыі, вярнуцца да нашых каранёў, — сказаў міністр. — Я лічу, што наша сённяшняя сустрэча — гэта таксама ваш уклад у развіццё беларускай ідэнтычнасці, у развіццё беларускай дзяржавы”.

Міністр адзначыў, што характэрныя рысы нацыянальнага характару беларусаў — міралюбнасць і неканфліктнасць — праяўляюцца і ў нацыянальных арнаментах нашай краіны, якія па сваёй сутнасці накіраваны выключна на мір і стварэнне.

У. Макей звярнуў увагу прысутных, што нашы арнаменты аб’ядноўваюць беларусаў з іншымі славянскімі народамі: „Сёння прагучала яшчэ адна ідэя: правесці мерапрыемства, на якое ўсе прыйдуць у сваіх нацыянальных кашулях, у сваёй нацыянальнай вопратцы”.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі таксама выказаў надзею, што традыцыя, якая была закладзена сёння, будзе і далей захоўвацца і развівацца.

Увазе ўдзельнікаў таксама была прадстаўлена дэманстрацыя вырабаў з лёну з фондаў „Беларускіх мастацкіх промыслаў” і прыватных калекцый.

mfa.gov.by