Свежы нумар «Слонімскага краю» багаты новымі фактамі



Выйшаў з друку чэрвеньскі нумар гісторыка-краязнаўчага электроннага выдання «Слонімскі край», якое рэдагуюць і рыхтуюць Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын.

Свежы нумар «Слонімскага краю» багаты на новыя матэрыялы і факты. Нумар адкрываецца артыкулам «Бежанства—трагічная старонка нашай гісторыі», прысвечаны бежанству напярэдадні Першай сусветнай вайны. Нумар распачынае друкаваць спіскі беларусаў-бежанцаў Слонімскага павета, якія апынуліся ў Томскай губерні Расеі. Друкуюцца ў нумары і спіскі слонімцаў, якія ўваходзілі ў Белы рух падчас грамадзянскай вайны ў Расіі ў 1917-1921 гадах, а таксама спіскі слонімцаў-чырвонаармейцаў.

Ёсць у нумары і цікавыя артыкулы, прысвечаныя беларускаму слову ў Слонімскім Свята-Троіцкім саборы, былым бернардзінскім касцёле, з якім выступаў Антон Неманцэвіч, згадка пра адзін са слонімскіх храмаў падчас Першай сусветнай вайны, які ёсць на адной з паштовак пачатку ХХ стагоддзя, пра адзін са слонімскіх мастоў на карціне нямецкага мастака, пра культурную працу ў вёсцы Чамяры ў 1927 годзе і іншыя.

“Слонімскі край” працягвае друкаваць успаміны “Мая Слонімшчына” Аляксандра Асіпчыка. Зацікавіць чытачоў і артыкул пра тое, як у 1805 годзе граф Фёдар Талстой трапіў пад арышт у Слонім, матэрыялы пра беларускае антыфашысцкае і антысавецкае падполле на Слонімшчыне падчас Другой сусветнай вайны, пра канверты са слонімскай тэматыкай і г.д.

Поўнасцю свежы нумар «Слонімскага краю» публікуецца тут.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя