Парламенцкая дэлегацыя Беларусі неўзабаве наведае Польшчу



Найбліжэйшым часам парламенцкія дэлегацыі Беларусі плануюць наведаць Арменію, Польшчу і Румынію, паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, закрываючы 26 чэрвеня другую сесію ніжняй палаты парламента шостага склікання.

У Беларусь чакаюцца візіты кіраўнікоў парламентаў Грузіі, Індыі, Малдовы, Пакістана і Судана.

Андрэйчанка заявіў, што ў перыяд шостай сесіі „сур’ёзна актывізаваліся двухбаковыя кантакты” з парламентамі замежных краін. Так, „умацаванне адносін” абмяркоўвалася з парламентарыямі Ізраіля, Кітая, Латвіі, Пакістана, Польшчы, Тайланда, Эстоніі. У Нацыянальным сходзе створаныя групы па супрацоўніцтве з парламентамі Егіпта і Судана.

Да знакавых падзей сесіі Андрэйчанка аднёс афіцыйны візіт у Беларусь кітайскай парламенцкай дэлегацыі на чале са старшынёй пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам. Падчас гэтага візіту, адзначыў ён, была падпісаная сумесная заява, у якой вызначаныя далейшыя крокі па развіцці сувязяў і ўмацаванні ўзаемадзеяння ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях.

belapan.by