ЕБРР адкрыў самую буйную ў 2017 годзе крэдытную лінію ў Беларусі



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) адкрыў „МТБанку” крэдытную лінію на развіццё мікра-, малога і сярэдняга бізнесу на 9 млн еўра, а таксама ўсталяваў новы ліміт на банк у межах праграмы садзейнічання развіццю гандлю (TFP) у 10 млн долараў.

Падпісанне адпаведных дакументаў адбылося ў офісе прадстаўніцтва ЕБРР у Менску 26 чэрвеня.

Новая крэдытная лінія беларускаму банку — самае буйное інвестыцыйнае ўкладанне ЕБРР у Беларусі ў 2017 годзе, паведаміў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва еўрапейскага банка Аляксандр Піваварскі. „Для нас праца з фінансавым сектарам Беларусі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам, асабліва калі мы гаворым пра фінансавую падтрымку малога бізнесу, — падкрэсліў ён. — Таму мы рады падпісаць пагадненне аб выдзяленні новай крэдытнай лініі на развіццё малога і сярэдняга бізнесу, які павінен стаць драйверам будучай эканомікі Беларусі”.

Каментуючы адкрыццё новага ліміту ў межах праграмы садзейнічання развіццю гандлю, Піваварскі падкрэсліў, што дадзеныя рэсурсы „дазволяць стымуляваць развіццё беларускай эканомікі і яе экспартнага патэнцыялу”.

У сваю чаргу старшыня праўлення „МТБанка” Андрэй Жышкевіч адзначыў, што банк імкнецца задаволіць патрэбы кліентаў, якія займаюцца знешнеэканамічнай дзейнасцю, і таму паглыбляе супрацоўніцтва з ЕБРР у межах праграмы садзейнічання развіццю гандлю.

„За кошт выкарыстання разнастайных формаў постфінансавання, акрэдытываў з адтэрміноўкай плацяжу ў кліентаў ёсць магчымасць атрымліваць рэсурсы больш танна, чым у межах стандартнай крэдытнай лініі. Таму мы лічым перспектыўным выкарыстанне спецыялізаваных прадуктаў, арыентаваных на экспарцёраў і імпарцёраў”, — сказаў Жышкевіч.

Каментуючы сітуацыю на рынку крэдытавання, кіраўнік „МТБанка” адзначыў, што пакуль на рынку больш ліквіднасці, чым попыту на яе. „Раней банкі рэкламавалі дэпазітныя прадукты, цяпер такога няма, фінансавыя інстытуты сёння спрабуюць знайсці кліентаў на крэдытныя прадукты”, — канстатаваў Жышкевіч.

Пры гэтым ён дадаў, што з боку кліентаў павышаецца попыт на крэдытныя рэсурсы ў беларускіх рублях.

„Палітыка патаннення рублёвых рэсурсаў, якую праводзіць Нацбанк, прыводзіць да зніжэння ставак, і гэта стымулюе кліентаў альбо прыцягваць рублёвыя крэдыты, альбо пераводзіць валютную крэдытную запазычанасць у рублёвую”, — сказаў Жышкевіч. У той жа час, канстатаваў ён, попыт на валютныя крэдыты захоўваецца, таму банк чакае, што сродкі ў межах крэдытнай лініі, адкрытай ЕБРР, будуць выбраныя.