Налета ў Менску пройдзе кангрэс Еўрапейскай пісьменніцкай Рады
Такое рашэнне прынялі сёлета падчас сустрэчы Рады ў Барселоне. Саюз беларускіх пісьменьнікаў уваходзіць у гэтую арганізацыю з 2010 году.
“Менавіта яна дапамагла ўратаваць Саюз ад ліквідацыі”, – кажа старшыня СПБ Барыс Пятровіч:
– Быў час, калі ўлады спрабавалі ліквідаваць нашую арганізацыю, тады мы звярнуліся да нашых партнёраў, да нашых калегаў за мяжой. Яны арганізавалі лісты падтрымкі. І я думаю, што гэта вельмі дапамагло ў тым, што мы выйгралі судовы працэс у Вярхоўным судзе. Нашыя ўлада проста пабаяліся скандалу.
Еўрапейская Пісьменніцкая Рада аб’ядноўвае больш за 150 тысяч літаратараў з амаль 50-ці пісьменніцкіх саюзаў Еўропы. Саюз беларускіх пісьменнікаў прадстаўляе ў Радзе адзіную краіну, якая не ўваходзіць у Еўразвяз. Усе выдаткі на правядзенне чарговага кангрэсу ў Менску – Рада бярэ на сябе, беларускаму боку застаецца толькі арганізацыйная частка. Між тым, чакаць на дапамогу ад афіцыйнага Менску не выпадае.
– Для нас галоўнае, каб не было нейкіх перашкод. Але тое, што сёння ёсць магчымасць пісьменнікам прыехаць да нас без візы, прынамсі на пяць дзён, ужо добрая падтрымка з боку дзяржавы. У нас ёсць некалькі ідэй як прарэкламаваць Беларусь у гэтай сітуацыі і сучасную беларускую літаратуру.
Плануецца, што кангрэс Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады пройдзе ў беларускай сталіцы роўна праз год – у чэрвені 2018-га. Кангрэс будзе доўжыцца 2-3 дні. Чакаецца каля паўсотні гасцей. Прычым, большасць наведае Беларусь упершыню.
Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя