Праваабарончы цэнтр „Вясна” і FIDH пачынае кампанію ў абарону Паўла Вінаградава



Праваабарончы цэнтр „Вясна” разам з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека FIDH пачынае кампанію ў абарону кіраўніка маладзёжнага аб’яднання Zмена Паўла Вінаградава і супраць практыкі адвольных прэвентыўных затрыманняў у Беларусі.

10579980_701634109914491_404437931610583558_n

Па словах намесніка старшыні „Вясны” Валянціна Стэфановіча, незаконныя арышты Вінаградава, звязаныя з палітычнай дзейнасцю.

У гэтым годзе Вінаградаў адбыў пад адміністрацыйным арыштам 65 сутак. Ён фактычна ўвасабляе праблему адвольных затрыманняў.

– Практыка адвольных затрыманняў шырока выкарыстоўваецца ўладамі Беларусі ў дачыненні да апазіцыйных актывістаў і набыла сістэмны і сістэматычны характар. У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека FIDH заяўляе наступнае: “Дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да Паўла Вінаградава носяць незаконны характар і маюць палітычны матыў, які мае на мэце недабраахвотнае спыненне Паўлам Вінаградавым сваёй публічнай дзейнасці.

Гэтыя абставіны дазваляюць вызначыць Паўла Вінаградава на перыяд яго ізаляцыі як палітвязня, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

У сумеснай заяве праваабарончы цэнтр „Вясна” і Міжнародная федэрацыя правоў чалавека FIDH патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення Вінаградава, адмены ўсіх незаконных пастановаў суду ў дачыненні да яго. Таксама ў дакуменце настойваецца на спыненні практыкі адвольных затрыманняў ды іншых форм ціску і пераследу палітычных і грамадскіх актывістаў, на вызваленні ўсіх палітвязняў, і ўвогуле на спыненні практыкі пераследу іншадумцаў.

“Усё гэта з’яўляецца неабходнымі ўмовамі для нармалізацыі сітуацыі з правамі чалавека ў краіне”, – гаворыцца ў заяве.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя