За год колькасць ІП у Беларусі скарацілася амаль на 6 тысяч



На 1 чэрвеня 2017 года ў Беларусі дзейнічала 143,6 тыс. юрыдычных асоб і 246 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Колькасць юрыдычных асоб у параўнанні з 1 чэрвеня 2016 года павялічылася на 1%, ІП — скарацілася на 5,9 тысячы, або на 2,4%. З пачатку года колькасць юрыдычных асоб вырасла на 0,7%, ІП — зменшылася на 0,7%.

Найбольшая колькасць юрыдычных асоб знаходзілася ў Менску — 51.491 (за год іх колькасць павялічылася на 3,5%). У Менскай вобласці іх было 26.762 (павелічэнне на 1,7%), у Брэсцкай — 14.627 (на 0,3% больш), Гомельскай — 13.925 (на 0,7% менш), Віцебскай — 13.109 (на 2,8% менш), Магілёўскай — 12.085 (на 1,3% менш), Гарадзенскай — 11.596 (на 1,1% менш).

Найбольшая колькасць ІП таксама знаходзілася ў Менску — 80.045 (за год іх колькасць вырасла на 0,03%). У Мінскай вобласці іх налічвалася 36.955 (змяншэнне на 1,3%), у Брэсцкай — 32.377 (на 3% менш), Гомельскай — 26.836 (на 1,8% менш), Гарадзенскай — 25.135 (на 6% менш), Магілёўскай — 22.756 (на 3,4% менш), Віцебскай — 21.911 (на 6,8% менш).

Удзельная вага арганізацый дзяржаўнай і з доляй дзяржавы формаў уласнасці склала 12,6% у агульнай колькасці дзейных арганізацый (на 1 чэрвеня 2016 год — 12,8%).

Са 143,6 тыс. дзейных арганізацый у сферы вытворчасці ажыццяўлялі дзейнасць 32,5 тыс. (22,7% агульнай колькасці), у сферы паслуг — 111,1 тыс. (77,3%).

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка ў каментары БелаПАН раней адзначаў, што скарачэнне колькасці прадпрымальнікаў звязанае з „адсутнасцю належных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці — для таго каб людзі адкрывалі свой бізнес і працавалі без залішніх адміністрацыйных і падатковых перашкод”. „Няма стымулюючых фактараў для развіцця, няма магчымасці бяспечна ажыццяўляць сваю дзейнасць”, — лічыць Шумчанка.

На яго думку, прадпрымальнікі не давяраюць дзяржаве і, каб засцерагчы раней укладзеныя ў справу сродкі, спыняюць дзейнасць. На зніжэнне колькасці ІП паўплывала і прыняцце ўказа прэзідэнта № 222, які ўскладніў працу.

Падобнае меркаванне выказваў і дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч. Ён звязаў скарачэнне ІП з нестабільнай заканадаўчай базай, якая рэгулюе іх дзейнасць. „Умовы работы пастаянна змяняюцца. Як толькі нейкая катэгорыя прадпрымальнікаў пачынае „жыць добра” з пункту гледжання ўладаў, тут жа для іх робяць невыносныя ўмовы”, — лічыць дырэктар цэнтра.

БелаПАН