ЕЗ павінен прытрымлівацца каштоўнасных падыходаў у адносінах з Беларуссю



Слуханні на тэму „Беларускае грамадства: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасці?” правяла 27 чэрвеня ў Еўрапарламенце ў Бруселі група дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з удзельнікаў слуханняў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

З беларускага боку ў мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры пісьменніца Святлана Алексіевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама лідар закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі.

Кажа Алесь Бяляцкі:

Я мяркую, што, не вырашыўшы праблемы смяротнага пакарання, нельга паляпшаць стасункі з беларускімі ўладамі. Гэта павінна быць жалезнае патрабаванне з боку Еўрапейскага звяза – адмяніць смяротнае пакаранне. У мінулым годзе ў нас было чатыры смяротныя прысуды, у гэтым годзе зноў маем смяротныя прысуды. І нягледзячы на тое, што беларускія ўлады зараз праводзяць канферэнцыі па пытаннях смяротнага пакарання, адной рукой яны праводзяць гэтыя канферэнцыі, а другой – страляюць у зняволеных.

„Удзельнікі слуханняў прытрымліваліся таго пункту гледжання, што ў Еўразвяза павінен быць каштоўнасны падыход пры выбудоўванні адносін з Беларуссю”, — расказаў Рымашэўскі.

Палітык адзначыў, што ў слуханнях прымалі ўдзел не толькі дэпутаты ад групы ЕНП, але і ад іншых фракцый Еўрапарламента, прадстаўнікі якіх „зацікаўлены ў наладжванні і развіцці адносін з Беларуссю”. „Важна аб’яднаць розныя меркаванні, якія датычацца супрацы з Беларуссю”, — падкрэсліў ён.

На думку Рымашэўскага, грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя „не павінны быць выкінутыя” з дыялогу Беларусі з Еўразвязам. Пры гэтым ён адзначыў, што дапамога еўрапейскіх структур павінна датычыцца прадстаўнікоў менавіта незалежнай беларускай супольнасці, а не прадзяржаўных структур, такіх, напрыклад, як БРСМ.

Паводле слоў палітыка, асаблівую цікавасць слуханням надаў удзел у іх Святланы Алексіевіч. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі казала пра тое, што беларуская апазіцыя „павінна быць адзінай”.

„Слуханні па Беларусі — гэта важная падзея, у тым ліку ў святле падрыхтоўкі да правядзення чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе, якая адбудзецца 5-9 ліпеня ў Менску. Яны таксама важныя ў плане фарміравання паслання Еўрапейскай народнай партыі, з якім яна выступіць на гэтай сесіі, бо шмат дэпутатаў ад гэтай партыі будуць у сталіцы Беларусі”, — адзначаў Рымашэўскі ў каментары БелаПАН напярэдадні паездкі ў Брусель.

Плануецца, што ў ліпеньскай сесіі ПА АБСЕ ў Менску возьмуць удзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

Паводле БелаПАН