„Басовішча-2017” на Беларускім Радыё Рацыя



Праграмны дырэктар нашага радыё Юрка Ляшчынскі распавёў пра тое, як будзе асвятляцца „Басовішча-2017” на Беларускім Радыё Рацыя.

– „Басовішча-2017” адбудзецца 14-15 ліпеня ва ўрочышчы Барык, што каля Гарадка, паблізу ад польска-беларускай мяжы. Фестываль ладзіць Беларускае аб’яднанне студэнтаў, а Беларускае Радыё Рацыя яго асвятляе. Спачатку гэта былі толькі справаздачы з фестывалю – запісвалі музыку, ужо пазней рабілі трансляцыі, а з мінулага года робім відэатрансляцыі.

Цяпер можна не толькі пачуць, што там адбываецца, але і пабачыць.

Трансляцыя, якая пачнецца 14-га а 17:05, працягнецца да апошняга выступу. Яна завершыцца недзе а 2-3 гадзіне начы. У суботу пачнем на гадзіну пазней, а 18:05. Першая частка фестывалю – гэта конкурсная частка, а на другі дзень выступ лаўрэата.

Відэа і радыётрансляцыя працягнуцца да апошняга выступу.

Прыедуць вядомыя гурты з Беларусі, Украіны, Польшчы. Назаву некаторыя: „НагУаль”, „Ilo & Friends”, „Дай дарогу!”, „Манетны двор”, „Стары Ольса”, „Vuraj і NaviBand”.

„NaviBand” – гэта гурт, які сёлета выступаў на „Еўрабачанні”, прадстаўляў Беларусь. Першы беларускамоўны гурт, які выступіў на „Еўрабачанні”, ён раней ужо выступаў на „Басовішчы”. Два гады таму яны сталі пераможцамі „Басовішча”.

Гурты, якія перамагаюць, трапляюць у наш плэй-ліст.

Арганізатары кажуць, што гэтае „Басовішча” таксама павінна быць цікавым, нават цікавейшым за папярэднія.

Беларускае Радыё Рацыя