Справа „Белага Легіёну”: новыя вызваленыя (абноўлена)



Увечары 28 чэрвеня з СІЗА выйшлі яшчэ чатыры фігуранты крымінальнай справы аб незаконным узброеным фарміраванні (справа „Белага легіёну”): Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Аляксандр Яўдаха і Віктар Данілаў.

Фота: facebook.com/ales.kirkevicz

Яны былі затрыманыя ў рамках крымінальнай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней ім было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Пасля таго як КДБ спыніў справу па ч. 3 арт. 293 КК, яны заставаліся пад вартай у рамках другой крымінальнай справы сярод 14 яе фігурантаў.

Чакалася, што 28 чэрвеня вызваленых будзе пяцёра, аднак, як паведаміў прысутным каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску дзяжурны ізалятара, вызваляць каго-небудзь яшчэ сёння не плануецца.

Фота: facebook.com/zm.dashkevich

„Дакументаў на вызваленне сёння больш няма”, — сказаў ён. Тым не менш каля СІЗА засталося больш за 20 чалавек: журналісты, грамадскія актывісты, сваякі фігурантаў справы, вызвалены Віктар Данілаў.

Напярэдадні, 27 чэрвеня, на волю выйшлі трое фігурантаў справы „Белага легіёну” — Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў. Паводле звестак праваабаронцаў, ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Фота: facebook.com/zm.dashkevich

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб „баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт).

Такім чынам, пад вартай засталося сем чалавек, затрыманых з выстаўленнем абвінавачанняў у „падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” на Дзень Волі 25 сакавіка ў Менску.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа „Белага легіёну” да суда. „Справа ў тым, што следства аб`ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур`ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб`ектыўна разабрацца”.

18 мая кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын паведаміла, што ЕЗ будзе ўважліва сачыць за так званай справай „Белага легіёну”.

Шэраг назіральнікаў звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Менску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

belapan.com