Лукашэнка паехаў да Пуціна



Аляксандр Лукашэнка ладзіць 29-30 чэрвеня афіцыйны візіт у Расею, дзе ў яго запланаваная сустрэча з Уладзімірам Пуціным і ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета так званай „Саюзнай дзяржавы”, а таксама чацвёртым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

У пытаннях, што плануецца абмеркаваць, прэс-служба Лукашэнкі называе найперш эканоміку і гандаль. Сярод анансаваных пытанняў таксама — нарошчванне двухбаковай супрацы ў аграпрамысловасці і машынабудаванні.

Сярод пытанняў не анансуецца абмеркаванне „харчовых войнаў” — Мінсельгасхарч Беларусі падазрае Расею ў несумленнай гульні, а МУС Беларусі правярае кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

Плануецца, што Лукашэнка возьме ўдзел у абмеркаванні выканання расейска-беларускай „Праграмы ўзгодненых дзеянняў у замежнай палітыцы”.

Папярэдняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна прайшла 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Тады кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся пра газ і рэфінансаванне запазычанасцей, стасункі з ЗША і Еўразвязам.