Пачаўся знос дамоў у Трактаразаводскім пасёлку Менска



Пачаўся знос двухпавярховых дамоў у адным з кварталаў Трактаразаводскага пасёлка Менска.

Ужо разбураны будынак былога дзіцячага сада. Да канца жніўня ў межах вуліц Стаханаўскай, Чабатарова, Шчарбакова і Клумава плануецца знесці яшчэ дзесяць двухпавярховых дамоў, жыхары якіх адселеныя, а будынкі абгароджаныя плотам. На іх месцы будуць пабудаваныя шматпавярховыя жылыя дамы. Заказчыкам праекта з’яўляецца УКБ Заводскага раёна Менска. У перспектыве ў межах вуліц Клумава, Кашавога і Шчарбакова плануецца знос усіх двухпавярховых будынкаў.

Два тыдні таму прадстаўнікі турбізнесу звярнуліся да ўладаў з просьбай не знішчаць пасёлак, а раскрыць яго турыстычны патэнцыял. „Пасёлак у сваім цяперашнім стане ўжо зараз прыносіць гораду прыбытак, хай пакуль і невялікі: праз выплату падаткаў суб’ектамі турызму, якія арганізуюць там экскурсіі, а таксама праз частую арэнду кіназдымачных пляцовак — бо пасёлак з’яўляецца адным з нешматлікіх куткоў Менска, які захаваў сваю аўтэнтычную атмасферу”, — гаварылася ў звароце.

Яго аўтары прапанавалі стварыць на базе пасёлка тэматычны музей-запаведнік савецкай эпохі з усім комплексам турыстычных паслуг, а таксама цэнтр вывучэння гісторыі і культуры БССР. Гэта магло б прыцягнуць у Менск больш замежных турыстаў і, адпаведна, прынесці гораду дадатковы прыбытак, лічаць прадстаўнікі турбізнесу.

У афіцыйным адказе Менгарвыканкама на зварот гаворыцца: „З мэтай захавання прынцыпу ансамблевай забудовы, ва ўвязцы з захаванай квартальнай арганізацыяй тэрыторыі дэталёвым планам прадугледжваецца знос толькі маральна і фізічна састарэлых двухпавярховых будынкаў, якія не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасці, з заменай на новую, камфортную шматкватэрных жылую забудову з захаваннем нормаў інсаляцыі і фарміраваннем камфортных унутрыдваровых прастор”.

У абарону Трактаразаводскага пасёлка праводзілася грамадская кампанія — больш за тысячу чалавек падпісаліся супраць яго зносу. У Міністэрства культуры звярталіся групы грамадскіх актывістаў, гісторыкаў і архітэктараў, якія прасілі ўнесці фрагменты пасёлка ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Усе гэтыя прапановы не былі падтрыманыя ўладамі.

Увечары 29 чэрвеня ў актавай зале адміністрацыі Партызанскага раёна Менска запланаваная сустрэча кіраўнікоў адміністрацыі з забудоўшчыкам і грамадзянамі па пытанні зносу двухпавярховых дамоў пасёлка.

Трактаразаводскі пасёлак быў узведзены ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў XX стагоддзя адначасова з Менскім трактарным заводам. „Гэта ўнікальны горадабудаўнічы ансамбль пасляваеннага перыяду, заснаваны на квартальнай планіроўцы. Прыклад таго, як у савецкія часы падыходзілі да арганізацыі побыту і адпачынку гараджаніна. Зручныя пешаходныя сувязі, зялёныя зоны, аб’екты культуры, спорту, адукацыі і гандлю ў крокавай даступнасці рабілі раён максімальна камфортным для жыцця. Тут асабліва варта вылучыць вуліцы Кашавога, Грыцаўца і ўчастак вуліцы Даўгабродскай з плошчай перад заводам. Усе лепшыя дасягненні таго перыяду трэба захаваць”, — падкрэсліваў у лютым гэтага года ў каментары дзяржаўнаму агенцтву БелТА галоўны архітэктар УП „Менскграда” Аляксандр Акенцьеў.

belapan.com