У Беларусі з’явіцца нацыянальнае агенцтва іпатэчнага крэдытавання



У Беларусі плануюць стварыць нацыянальнае агенцтва іпатэчнага крэдытавання, паведаміў 29 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.

„На фоне зніжэння стаўкі рэфінансавання і інфляцыі ў краіне павінна з’явіцца структура — аператар сістэмы іпатэкі. Наўпрост для банкаў гэта нагрузка і абцяжаранне. Вопыт суседніх краін паказвае, што такое агенцтва павінна быць, падраздзяленне, якое займаецца іпатэчным крэдытаваннем, распрацоўкай нарматыўна-прававой дакументацыі, узніклымі пытаннямі, развіццём сістэмы, дэталізацыяй і гэтак далей”, — лічыць Горваль.

Ён адзначыў, што найбліжэйшым часам павінен з’явіцца нарматыўны дакумент аб увядзенні ў краіне сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў. „Гэтая тэма ўжо гучыць больш за 10 гадоў, то актывізуецца, то заціхае. Калі былі складанасці з грашыма, за яе ўзяліся, калі стала шмат ільготных крэдытаў, забыліся. Апошнім часам мы вярнуліся да гэтай тэмы, бо фінансавання не хапае”, — заўважыў чыноўнік.

Прадстаўнік міністэрства растлумачыў, што жыллёва-будаўнічыя зберажэнні ўяўляюць сабой уклад у камерцыйных банках. Існуе назапашвальны перыяд (ад трох да пяці гадоў), калі грамадзяне размяшчаюць сродкі на дэпазіт, даводзячы іх да пэўнай сумы, якая складае 25—50% кошту будучай кватэры ці дома. Далей —перыяд крэдытавання, калі банк выдае крэдыт на астатнюю суму, прычым па стаўцы ніжэйшай, чым пры звычайным крэдыце на жыллё. Падчас назапашвальнага перыяду грамадзянін атрымлівае так званую дзяржаўную прэмію, якая кампенсуе страты ўкладчыка ад інфляцыі.

„Гэта, паводле разлікаў, дазволіць амаль траціне грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, вырашыць самастойна сваё жыллёвае пытанне. А гэта шмат, калі ў нас прыблізна 770 тысяч чалавек знаходзяцца ў чарзе на жыллё”, — сказаў чыноўнік.

Горваль адзначыў, што ўжо існуе банкаўскі прадукт па жыллёва-будаўнічых зберажэннях у „Беларусбанку”, але як сістэмы іпатэкі ў краіне няма, як няма і дзяржаўнай прэміі.

Паводле БелаПАН